19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка параўнаў наступствы стыхіі ў рэгіёнах краіны з вайной без стральбы. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 19 ліпеня на селектарнай нарадзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Людзі да гэтага часу крыўдзяцца: тое не зроблена, гэта не зроблена. Вы ведаеце, што раніцай і вечарам я пастаянна быў на сувязі з членамі ўрада, міністрамі, якія гэтым займаліся. Даручыў паглядзець, што не зроблена, як рэагуюць людзі, што Камітэт дзяржкантролю, што старшыня Камітэта дзяржбяспекі далажылі аб існуючых праблемах", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым ён заўважыў, што ёсць такія грамадзяне, для якіх усё заўсёды будзе дрэнна. "Людзі не хочуць разумець, што гэта надзвычайная сітуацыя. Вайна проста, толькі няма стральбы з аўтаматаў і кулямётаў. Тое ж самае, што на вайне. І ніхто не задаецца пытаннем: а што ты зрабіў для таго, каб пераадолець гэту катастрофу?" - адзначыў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што ёсць грамадзяне, якія дапамагаюць прыбіраць завалы і дрэвы, што ўпалі, аказваюць садзейнічанне работнікам камунальных службаў.
"Сапраўдныя мужыкі", - ахарактарызаваў іх кіраўнік дзяржавы. З іншага боку, ёсць і такія, якія чакаюць, што ўлады вырашаць усе праблемы, і пальцам не варухнуць.
"Гэта мае прэтэнзіі як Прэзідэнта да людзей. Але ж, калі ў цэлым паглядзець, ёсць вялікая колькасць недахопаў. Гэта наша хвароба: бравурныя даклады - вось там добра, там добра. Навошта вы мне хлусіце? Я ж пераправеру, вы гэта ведаеце", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.-0-