Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 жніўня 2024, 15:42

Лукашэнка пра настаўніцтва ў АПК: мы часам залішне мяняем кіраўнікоў, не працуючы з імі

11 жніўня, Аршанскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным больш уважліва падыходзіць да работы з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў у плане павышэння іх кваліфікацыі і распаўсюджвання перадавога вопыту. Аб гэтым ён заявіў пры наведванні агракамбіната "Юбілейны" ў Аршанскім раёне.

"Я гэта ўжо ўчора заўважыў па "Купалаўскім" (аграхолдынг "Купалаўскае" ў Шклоўскім раёне. - Заўвага БЕЛТА). Мы залішне часам мяняем кіраўнікоў, не працуючы з імі. Гляджу, нармальныя людзі. Правільна разважаюць, разумеюць. Але адчуваецца, што ўвагі да іх няма такой, як было раней. Раней таксама доўга не размаўлялі, але неяк па-чалавечы да іх ставіліся", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

"А чаго не вучыцца ў "Юбілейным", "Вусці" (сельгаспрадпрыемства ў Аршанскім раёне, якое спецыялізуецца на вырошчванні лёну. - Заўвага БЕЛТА) па нейкіх пытаннях - па лёне? Чаго не вучыцца? Але гэта павінен і сам кіраўнік імкнуцца да гэтага", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Падобны вопыт можна пераймаць нават у дэталях. Напрыклад, у час наведвання гаспадаркі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на ўключэнне ў сельгасабарот былых прысядзібных участкаў, якія раней служылі дадатковымі сялянскімі надзеламі, а цяпер не запатрабаваныя людзьмі.

"Глядзі, каб у цябе не было неўзараных прысядзібных участкаў былых, дзе раней людзі жылі. Каб усё было ўзарана", - акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы.

Дырэктар агракамбіната Аляксандр Фірсін запэўніў, што ў гэтым плане вядзецца максімальная работа. Пытанні вырашаюць ва ўзаемадзеянні з сельсаветамі. Калі нехта апрацоўвае ўчастак зямлі, але вакол яго пустуючыя землі ўжо, то ўчастак прапануюць перанесці ў больш зручнае месца, забяспечыўшы усё неабходнае для яго распрацоўкі. "Адзін агарод стаіць. Вакол незразумела што рабіць. Мы бясплатна даём чалавеку трактар, дыскуем, аром. І гной можам нават даць бясплатна. І перанеслі яго. І так максімальна сёння ідзём", - расказаў кіраўнік гаспадаркі.

"Гэта правільна", - адрэагаваў Прэзідэнт.

Як паведамлялася, папярэднія два дні работы Прэзідэнта ў Шклоўскім раёне таксама былі прысвечаны сельскагаспадарчай тэматыцы. Спачатку на нарадзе ў Шклове абмеркавалі шляхі эфектыўнага развіцця сельгасвытворчасці на прыкладзе двух валаўтваральных раёнаў - Шклоўскага і Аршанскага. На наступны дзень кіраўнік дзяржавы сабраў асобную нараду ў аграгарадку Гарадзішча Шклоўскага раёна, каб дэталёва разгледзець мэтазгоднасць стварэння буйной інтэграцыйнай структуры з удзелам аграхолдынга "Купалаўскае". Адабрэнне атрымана. Але галоўнае, на што нацэльвае Аляксандр Лукашэнка, - гэта эфектыўная работа, навядзенне належнага парадку на ўжо існуючых магутнасцях і тэрыторыях, падтрыманне выканальніцкай і тэхналагічнай дысцыпліны.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі