Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 ліпеня 2024, 19:54

Лукашэнка пра галоўную каштоўнасць Беларусі: наша золата - гэта людзі

2 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці, назваў галоўную каштоўнасць і прыярытэт краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь, пераадолеўшы многія цяжкасці, паспяхова развіваецца і будуе велізарныя планы на будучыню. "Нашы мэты - найвышэйшыя тэхналогіі, работа для людзей, продаж за межы краіны (палову мы прадаём на экспарт), інвестыцыі. Гэта асновы нацыянальнай бяспекі любой дзяржавы, - заявіў Прэзідэнт. - Наш прыярытэт - людзі. Мы прадоўжым рабіць усё, каб у кожным кутку краіны паляпшаліся ўмовы для стварэння сям'і і нараджэння дзяцей, для працы і адпачынку, для дасягнення жаданых вышынь у навуцы, творчасці, культуры і спорце".

Поспех па ўсіх напрамках залежыць ад саміх беларусаў, перакананы Аляксандр Лукашэнка. Калі сканцэнтравацца на сваіх мэтах і магчымасцях, то будзе ўсё - тэхналогіі, перадавыя вытворчасці, асваенне космасу.

"Гаварыў і паўтару: наша золата - гэта людзі. Таленавітыя і працавітыя", - падкрэсліў Прэзідэнт, заўважыўшы, што гэта не кампліменты, а ацэнка цяперашніх дасягненняў беларускага грамадства.

"Заходнія так званыя партнёры зрабілі ўсё, каб нашы прадпрыемствы разваліліся. А яны працуюць. Людзі працуюць у сваёй краіне, атрымліваюць заработную плату, - прывёў прыклады кіраўнік дзяржавы. - Лагістычныя шляхі на захад перакрылі - мы пралажылі новыя, на ўсход. Адмовіліся ад нашых тавараў - іх у нас з задавальненнем купляюць жыхары іншых краін".

Акрамя таго, значна выраслі рэальныя даходы грамадзян. Непазнавальна абнаўляюцца гарады і вёскі Беларусі, пабудаваны і адрамантаваны тысячы кіламетраў дарог. І гэта не мяжа - цяпер будуюць новыя станцыі і запускаюць новыя лініі метро.

"Нашы поспехі ў машынабудаванні, сельскай гаспадарцы, космасе, біятэхналогіях, ваеннай прамысловасці, вытворчасці лазернай тэхнікі, мікраэлектронікі прызнаны ва ўсім свеце, асабліва ў Расіі ў гэты няпросты час", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Разам з братамі-расіянамі пабудавалі ўласную АЭС, - прадоўжыў беларускі лідар. - Разам з кітайскімі сябрамі з нуля стварылі легкавое аўтамабілебудаванне, ракетабудаванне". У медыцыне, паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь дасягнула ўзроўню, аб якім яшчэ гадоў 20 таму нават не марылася. Беларускія вучоныя працуюць і ў Арктыцы, і ў Антарктыдзе.

"Мы здолелі стварыць эканоміку з такім запасам трываласці, што намі вельмі складана маніпуляваць, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Сёння ўжо ніхто не скажа, маўляў, мы перастанем вам пастаўляць прадукты харчавання, і вы памраце з голаду (памятаеце, гэта зусім нядаўна было). Мы самі сябе кормім і рэалізуем прадукты харчавання на рынкі больш як 100 краін свету, атрымліваючы ад гэтага больш за $8 млрд штогод".

Бескарысна пагражаць Беларусі і забаронай на продаж машын, агрэгатаў і іх абслугоўванне, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Шмат беларусы робяць самі на айчынных прадпрыемствах: ад камбайнаў і ноўтбукаў да легкавых аўтамабіляў і электробусаў. "Ну, а калі нейкіх магчымасцей пакуль няма, дык і на захадзе свет клінам не сышоўся. Ёсць сябры і ў іншых частках свету. Пройдзе яшчэ пяць гадоў, і мы з расіянамі будзем рабіць усё, што трэба для жыцця і працвітання нашых дзяржаў", - заявіў Прэзідэнт.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі