14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускім футбалістам не хапае фізічнай падрыхтоўкі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час размовы з актывістамі БРСМ - байцамі студатрада, які прымаў удзел у рэканструкцыі стадыёна "Трактар", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Уся праблема ў нас - гэта фізічны стан спартсменаў. Яны фізічна не гатовы па асобных відах спорту на самым высокім узроўні выступаць. Па футболе яны не могуць бегчы з першай да апошняй хвіліны. Яны не могуць бегаць на высокім тэмпе 90 хвілін. А тут яшчэ і думаць трэба. Футбол стаў вельмі хуткім", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, кропкамі росту для беларускага спорту з'яўляюцца маленькія спартыўныя пляцоўкі, дзе займаюцца дзеці. Менавіта там трэнеры павінны своечасова заўважыць перспектыўнага спартсмена і прывесці яго ў сваю секцыю. "У нас ужо гэтых пляцовак мноства. Але галоўнае - зацікавіць дзяцей. Трэба пачынаць працаваць са школы, з 6-7 гадоў. А па некаторых відах, як мастацкая гімнастыка, дык і ў тры гады, - заўважыў Прэзідэнт. - Калі ўпусціў, гадоў 10-15 - ужо складана будзе. Можна, але складана".
Маладыя людзі пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы, якія ў яго былі самыя яркія ўражанні падчас заняткаў футболам. Прэзідэнт расказаў, што ў школьныя гады ў футбол гулялі на вясковым полі. Прычым захапляліся ім усе дзеці ў вёсцы, а іх было нямала. Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў займацца футболам і ў студэнцкія гады.
"Але ў мяне вось гэта засталося - гэта вясковая закваска. Я тады шмат бегаў, займаўся спортам. Хацеў быць футбалістам. Але потым траўміраваў калена, і я перайшоў у хакей, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Футболам рэкамендую займацца, але не рэкамендую бегаць па асфальце, таму што з цягам часу гэта заўсёды вылазіць бокам. А самае, кажуць, лепшае - гэта веласіпед і плаванне. Я ненавіджу плаванне, таму што гэта вельмі нудная справа. А веласіпед - з задавальненнем".-0-