Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 кастрычніка 2024, 21:36

Лукашэнка пра БРІКС: месца Беларусі - у гэтым калектыве

23 кастрычніка, Казань /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Казані ў інтэрв'ю кітайскаму тэлеканалу CGTN наглядна растлумачыў карысць для Беларусі ад удзелу ў мерапрыемствах на пляцоўцы БРІКС. Яна заключаецца перш за ўсё ў магчымасці адначасова паразмаўляць з вялікай колькасцю лідараў розных краін, на што ў іншым выпадку спатрэбілася б некалькі гадоў, калі гаварыць пра кантакты на двухбаковым узроўні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Наша месца - Беларусі - у гэтым калектыве. Наша месца там. Таму што нашы погляды на сусветны парадак дня супадаюць, нашы погляды на свет супадаюць, у нас мэты практычна адны і тыя ж. Мы імкнёмся да шматпалярнага свету, мы супраць дыктату ў свеце і іншае. Мы адкрыты, у нас эканоміка адкрыта. Мы - тэхналагічная краіна. Мы можам са многімі краінамі ў БРІКС падзяліцца сваімі тэхналогіямі, кампетэнцыямі, навыкамі людзей", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніка дзяржавы спыталі, што БРІКС значыць для Беларусі. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ўсяго за некалькі гадзін на форуме паспеў правесці шэраг двухбаковых сустрэч і даў тры інтэрв'ю розным СМІ. "Гэта вялікая магчымасць за некалькі гадзін правесці перагаворы з лідарамі вядучых дзяржаў. Якія дзяржавы ў БРІКС, вы цудоўна ведаеце. Гэта паўсвету фактычна па вытворчасці, насельніцтве, тэрыторыі. Амаль паўсвету. Што трэба для кампактнай невялікай еўрапейскай Беларусі? Патрэбны кантакты, дамоўленасці", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што па выніках сустрэч з лідарамі розных краін фактычна ў кожнай з гэтых дзяржаў беларусы знайшлі для сябе добрую работу: "Мы можам развіваць, устанаўліваць больш цесныя адносіны з гэтымі дзяржавамі, з прадстаўнікамі якіх я вёў перагаворы. Дапусцім, мы не сустракаліся тут, у Казані, пакуль з кіраўніцтвам Расіі, кіраўніцтвам Кітая. А чаго нам сустракацца… Мы і так часта сустракаемся з кіраўніцтвам Кітая, Расіі. У нас з імі цудоўныя адносіны".

Аляксандр Лукашэнка прывёў у якасці прыкладу свае перагаворы з прэм'ер-міністрам Федэратыўнай Дэмакратычнай Рэспублікі Эфіопія Абіем Ахмедам Алі: "Тыя кампетэнцыі, якія мы маем, тэхналогіі для развіцця - на дзясяткі гадоў наперад для Эфіопіі дастаткова. Цікавая, магутная краіна. Цікавая для Расіі, Кітая, Амерыкі і гэтак далей. Але яны нас запрашаюць. Што ў гэтым дрэннага? І мы дамовіліся па многіх пытаннях з імі".

"Гэтак жа з Лаосам, іншымі краінамі, з якімі я меў перагаворы. І гэта літаральна за чатыры-пяць гадзін. А калі я папрацую тут два дні, я буду мець кантакты і дамоўленасці з дзясяткам краін. А калі б гэтага не было, то мне трэба, можа, пяць-сем гадоў для таго, каб наведаць гэтыя краіны і правесці перагаворы, інакш кажучы, гэта (БРІКС. - Заўвага БЕЛТА) добрая пляцоўка для дамоўленасцей. Не проста пазнаёміцца (мы ўжо знаёмы з усімі), а для таго, каб выбудаваць нашы адносіны, выпрацаваць дарожную карту, план нашых адносін на перспектыву. Гэта вялікая справа для любой краіны.Тым больш для Беларусі", - рэзюмаваў беларускі лідар.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі