13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Іран вытрымліваюць знешні націск, які аказваецца на іх, і развіваюць супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з сакратаром Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі Ісламскай Рэспублікі Іран Алі Акбарам Ахмадзіянам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Перш за ўсё хачу вам падзякаваць за тое, што вы знайшлі час прыехаць у Беларусь і пазнаёміцца з сучаснай Беларуссю сённяшняга дня. Ваш візіт яшчэ важны таму, што воляю лёсу, можа, як вы кажаце, ад Алаха гэта ўсё ідзе, мы апынуліся ў адной лодцы і абсалютна не шкадуем аб гэтым. Нас спрабуюць абылгаць у сродках масавай інфармацыі. Мы гэта разумеем, мы людзі вопытныя - ідзе інфармацыйнае проціборства. Магчыма, нават з элементамі інфармацыйных войнаў. Тым не менш мы і санкцыі, і іншы націск пакуль вытрымліваем", - заявіў беларускі лідар.
"У час вострай ваенна-палітычнай абстаноўкі на Блізкім Усходзе (а вы сур'ёзна ўцягнуты ў канфлікт на Блізкім Усходзе), каля граніц Беларусі, у гэтым еўрапейскім рэгіёне, нам не проста кансультацыі патрэбны, нам патрэбны сумесныя дзеянні з вашай краінай. Мы рухаемся да шматпалярнага свету. Гэта будзе вельмі няпросты шлях. І, на наша шчасце, і ў Іране, і ў іншых краінах гэта добра разумеюць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён канстатаваў, што вельмі сур'ёзна набіраюць абароты такія новыя арганізацыі, як БРІКС, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, паўнапраўным членам якой Беларусь нядаўна стала. "Хачу ў сувязі з гэтым падзякаваць Ірану за тую каласальную падтрымку, якую вы нам аказалі пры ўступленні ў ШАС", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, у цяперашняй складанай сітуацыі процістаяння на першы план выходзяць пытанні бяспекі. "Але, пагадзіцеся, што бяспека будзе тады эфектыўнай, калі працуе эканоміка, калі паміж краінамі гандлёва-эканамічныя адносіны вельмі сур'ёзныя і дынамічна развіваюцца, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Мы бачым пастаянны прырост гандлю паміж дзвюма краінамі. І самае галоўнае нам - не дапусціць запаволення ў гандлёва-эканамічных адносінах. Таму што гэта аснова, фундамент нашых дзеянняў, узаемаадносін".
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў Беларусі чакаюць з візітам Прэзідэнта Ірана, і калі іранскі бок прыме гэту прапанову, то трэба будзе сур'ёзна падрыхтавацца па ўсіх напрамках да сустрэчы на вышэйшым узроўні: "І эканоміка, і гандлёва-эканамічныя адносіны, і бяспека, і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. Забароненых тэм, як я разумею, паміж намі няма".
"Галоўнае, я хачу, каб вы разумелі, Беларусь заўсёды была надзейным партнёрам Ірана. І мы гатовы дастойна прайсці свой шлях", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама перадаў цёплыя прывітанні і пажаданні Вярхоўнаму лідару Ірана Алі Хаменеі.-0-