5 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіянга Нгему Мбасога з днём нараджэння. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Большую частку свайго жыцця Вы ахвяравалі служэнню народу. Гэта важная місія азначае перш за ўсё адказнасць за незалежнасць і суверэнітэт краіны, стварэнне перспектыў для яе развіцця, клопат пра бяспеку і дабрабыт яе жыхароў", - гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што пры асабістай ролі Тэадора Абіянга Нгемы Мбасога Экватарыяльная Гвінея паступова набывае рысы індустрыяльнай дзяржавы, забяспечвае свае патрэбнасці ў прадуктах харчавання, павышае ўзровень медыцынскай дапамогі і адукацыі. Краіна цяпер прываблівае не толькі сваімі афрыканскімі пейзажамі - мяняецца ў лепшы бок і функцыянальнасць гарадоў, пасёлкаў.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з задавальненнем успамінае перагаворы з Прэзідэнтам Экватарыяльнай Гвінеі ў Мінску і свой візіт у Малаба, у час якіх лідары залажылі надзейную аснову для развіцця ўсебаковага дыялогу паміж дзвюма краінамі, а таксама прадэманстравалі салідарнасць у пытаннях міжнароднага парадку дня.
"Пацвярджаю гатоўнасць сустрэцца з Вамі ў зручны час, каб абмеркаваць ход рэалізацыі дарожнай карты двухбаковага супрацоўніцтва і вызначыць новыя перспектыўныя напрамкі сумеснай работы", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Тэадора Абіянгу Нгеме Мбасога моцнага здароўя, шчасця і поспехаў.-0-