12 лістапада, Баку /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Баку на Сусветным саміце па барацьбе са змяненнем клімату папракнуў Сакратарыят ААН у махровым бюракратызме ў сувязі з рэгламентам на выступленні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Паколькі з-за такога махровага бюракратызму Сакратарыята ААН за тры хвіліны практычна немагчыма нешта сказаць, я абмяжуюся літаральна некалькімі прапановамі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Справа ў тым, што на Сусветным саміце па барацьбе са змяненнем клімату на сесіі з удзелам кіраўнікоў дзяржаў устаноўлены рэгламент на выступленні ў межах трох хвілін.
Сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка растлумачыў у кароткім інтэрв'ю журналістам пасля выступлення. Ён адзначыў, што арганізацыя саміту, які ў гэтым годзе прымае Азербайджан, бліскучая. "Гэта адзінае, што можна ацаніць станоўча. Але вельмі дорага", - адзначыў ён.
Адказваючы на пытанне аб агульным уражанні, Прэзідэнт сказаў: "Агіднае. Я сказаў тэзісна, таму што з-за махровага бюракратызму Сакратарыята ААН гэта ўсё марна. Ну што за тры хвіліны скажаш... Усе даюць справаздачу, якія вялікія. А стала яшчэ горш. Я ж назваў тры войны, якія забруджваюць атмасферу. Хусітаў там душаць невядома за што, на Блізкім Усходзе вайна (перспектывы вялікія ўцягвання яшчэ іншых краін) і ва Украіне вайна. Гэта толькі буйныя. А іх больш за 50 - гэтых канфліктаў. Гэта забруджвае перш за ўсё атмасферу. Я гаварыў пра гэта ў Дубаі (на мінулым такім саміце год таму. - Заўвага БЕЛТА)".
"І вытворцы. Хто больш за ўсё вырабляе - англасаксы. Дзе яны? Іх няма. Дзе спадар Макрон (Прэзідэнт Францыі. - Заўвага БЕЛТА), які так піярыўся на гэтым - Парыжскае пагадненне. Дзе ён? Яго сёння няма нават. Яны па-наплявацельску да гэтага ставяцца. А гэта (на саміце. - Заўвага БЕЛТА) - проста гаварыльня чарговая", - дадаў беларускі лідар.
Кіраўніку дзяржавы таксама было зададзена пытанне, ці верыць ён у магчымасць спыніць войны. "Рэчаіснасць сведчыць аб адваротным. Таму я ў гэта мала веру", - адказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-