Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 жніўня 2024, 16:11

Лукашэнка падвёў вынікі нарады ў Шклоўскім раёне па стварэнні інтэграцыйнай структуры ў АПК

10 жніўня, Шклоўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час размовы з жыхарамі аграгарадка Гарадзішча Шклоўскага раёна пасля правядзення нарады па перспектывах развіцця холдынга "Купалаўскае" падвёў вынікі мерапрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Шклоўскім раёне тры самыя буйныя гаспадаркі - гэта "Купалаўскае", куды ўваходзяць тры сельгасарганізацыі, і прадпрыемствы Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта "Александрыйскае" і "ААБ-Агра Гарадзец".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што, калі тры гаспадаркі былі сабраны ў адным вытворчым аб'яднанні "Купалаўскае", дзяржава аказала значную падтрымку, у тым ліку пры будаўніцтве малочнатаварных комплексаў. "Я разумеў, што, перш чым ствараць нешта значнае, трэба базу арганізаваць. Дапамаглі, зрабілі, прынялі пэўныя рашэнні. Але з таго часу гэта так і ўвязла", - сказаў Прэзідэнт, падкрэсліўшы, што цяпер настаў час даць штуршок, каб рэалізаваць ранейшую задуму па стварэнні ў раёне вытворчасці поўнага цыкла - ад вырошчвання, вытворчасці сельгаспрадукцыі да глыбокай перапрацоўкі і рэалізацыі.

"Купалаўскае" пераходзіць у Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, - такое рашэнне па выніках двух дзён падрабязнага абмеркавання агучыў кіраўнік дзяржавы. - І дабаўляюцца "Александрыйскае", вялізная гаспадарка, і "Гарадзец" ("ААБ-Агра Гарадзец". - Заўвага БЕЛТА). Гэта будзе холдынг".
Як было адзначана, для правядзення маштабных пераўтварэнняў не спатрэбіцца нейкіх асаблівых фінансавых укладанняў, у першую чаргу трэба будзе сканцэнтравацца на арганізацыйнай рабоце, навядзенні парадку і дысцыпліны. "Парадак, арганізацыя патрэбны. Патрэбна нармальная работа", - падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, цяпер у раёне ёсць усё неабходнае для выбудоўвання эфектыўнай работы. Разам з тым, калі спатрэбіцца, то і дзяржава не застанецца ўбаку, дапаможа з закупкай неабходнай тэхнікі, правядзеннем мадэрнізацыі комплексаў. "Мы ў гэтым плане плячо падставім", - сказаў Прэзідэнт. У прыватнасці, ёсць планы па будаўніцтве малочнага камбіната з паглыбленай перапрацоўкай сыравіны.

Гаворачы аб галоўнай мэце пры стварэнні холдынга, Прэзідэнт падкрэсліў: "Для таго каб былі грошы, трэба не толькі вырабляць, але і самім перапрацоўваць усё і прадаваць". Прыкладаў такой арганізацыі вытворчасці поўнага цыкла ў краіне нямала, у іх ліку - агракамбінат "Дзяржынскі". "Па гэтым прынцыпе трэба арганізаваць і тут. Але для гэтага вам трэба малако перапрацаваць на сваім заводзе, мяса перапрацаваць на сваім мясакамбінаце, - арыентаваў кіраўнік дзяржавы. - І грошы, дабаўленую вартасць, вы атрымаеце. Далей трэба гэта ўсё прадаць".

"Усё гэта будзе замкнута ў адно, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Вы павінны вырабіць, перапрацаваць і прадаць. І прыбытак увесь вы павінны акумуляваць у сябе. Такая задума".

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што будзе трымаць на асаблівым кантролі ход рэалізацыі маштабнага праекта па стварэнні аграхолдынга і спагнанне за гэта будзе жорсткае. У першую чаргу - з адказных службовых асоб і кіраўнікоў на месцах. "Кіраўнікі вашы тут былі. Яны пачулі мае патрабаванні. Жыцця спакойнага ў вас не будзе з гэтага года, а можа, і з заўтрашняга дня, калі кіраўнікі правільна мяне зразумелі", - сказаў Прэзідэнт, настройваючы жыхароў аграгарадка на эфектыўную адказную работу. 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што вельмі многае ў паспяховым развіцці і прадпрыемстваў і раёна ў цэлым залежыць ад саміх жыхароў рэгіёна. "Усё ў вашых руках. Патрэбна дысцыпліна перш за ўсё, - зрабіў акцэнт кіраўнік дзяржавы. - Кожны павінен займацца сваёй справай. Калі вы павінны пасеяць, убраць - значыць, вы павінны гэта зрабіць".
"Сёння мы жывём без вайны. А калі пачнём дрэнна працаваць - чакай вайны. Усё ад эканомікі. Вось задума, чаму мы тут два дні ў Шклоўскім і Аршанскім раёнах. Не таму што тут мая радзіма, я тут нарадзіўся. А таму што Шклоўскі і Аршанскі раёны маюць добрую базу. Тут землі адны з лепшых у краіне, амаль як на захадзе. Таму зямля павінна даць адпаведны вынік", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка пасля нарады ў аграгарадку Гарадзішча па перспектывах развіцця холдынга "Купалаўскае" і сустрэчы з мясцовымі жыхарамі прыехаў на машынны двор прадпрыемства. Тут адбылася размова аб забеспячэнні рамонту і захаванасці тэхнікі, падтрыманні вытворчай дысцыпліны.
Як расказаў БЕЛТА генеральны дырэктар ААТ "Купалаўскае" - кіруючая кампанія холдынга" Міхаіл Крыцкі, па выніках нарады атрымана адабрэнне Прэзідэнта па стварэнні інтэграцыйнай структуры. "Гэта дасць станоўчы эфект для ўдзельнікаў аб'яднання. Будзе і перапрацоўка, загрузім існуючыя магутнасці. Цяпер будзе гэта ўсё яшчэ прапрацоўвацца з вучонымі, выбудоўвацца праект і паслядоўнасць стварэння. Задача - рэканструяваць, мадэрнізаваць і загрузіць існуючыя магутнасці і выпускаць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю", - сказаў ён.

Кіраўнік "Купалаўскага" падкрэсліў, што ўсе ўдзельнікі будучага аб'яднання свядома ідуць на гэта: "Недзе гэта нават наша просьба. Каб гаспадаркі маглі не проста сыравіну вырабляць, а гатовы прадукт. І атрымліваць дадатковую маржынальнасць для больш эфектыўнага развіцця. У гэтым ёсць сэнс. Да гэтага ўжо даўно ідзём, узаемадзейнічаем. Гэта рашэнне наспела даўно".

Тэма стварэння холдынга на базе "Купалаўскага" напярэдадні, 9 жніўня, таксама была ў ліку абмяркоўваемых на нарадзе ў Шклове, дзе гаварылі аб эфектыўным развіцці сельгасвытворчасці ў валаўтваральных Шклоўскім і Аршанскім раёнах.
Прэзідэнту прапанавалі ў Шклоўскім раёне стварыць буйны агракамбінат, але ён не стаў спяшацца з рашэннем. Размова ідзе аб развіцці аграхолдынга "Купалаўскае" з удзелам у новай інтэграцыйнай структуры ААТ "Александрыйскае", ЗАТ "ААБ-Агра Гарадзец" і ААТ "Шклоўскі масларобны завод". Апошнія тры прадпрыемствы ўваходзяць у структуру Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі.
"Мы прапануем гэта аб'яднаць у адну структуру, - далажыў кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі Юрый Назараў. - У выпадку вашай згоды мы забяром "Купалаўскае" ў структуру Кіраўніцтва справамі. Гэтага на першым этапе будзе дастаткова. Я лічу, што мы прыйдзем да агракамбіната, дзе будзе жорсткая цэнтралізацыя. Мы больш падрабязна вывучылі вопыт агракамбіната "Дзяржынскі". Мне вельмі падабаецца гэта структура. Але да гэтай структуры трэба падысці. За кошт канцэнтрацыі рэсурсаў, аптымізацыі рэсурсаў у нас на роўным месцы будзе эфект".
Цяпер паміж прадпрыемствамі Шклоўскага раёна (удзельнікамі аграхолдынга "Купалаўскае", "Александрыйскае", "ААБ-Агра Гарадзец" і Шклоўскі масларобны завод) існуюць таварна-сыравінныя сувязі, але пры гэтым кожнае з іх арыентавана на закрыццё ў першую чаргу сваіх патрэбнасцей. Прапануецца разгледзець варыянт аб'яднання прадпрыемстваў у адзіную інтэграцыйную структуру - агракамбінат. Рэсурсны патэнцыял гэтага агракамбіната будзе значным: плошча сельгасугоддзяў амаль 43 тыс. га, або 59 працэнтаў плошчы сельгасарганізацый раёна. 

Прадугледжваецца, што аб'яднанне названых прадпрыемстваў у адзіную структуру дасць магчымасць на першым этапе пасля аптымізацыі пасяўных плошчаў забяспечыць да 2028 года галіну жывёлагадоўлі практычна пад поўную патрэбнасць кармамі ўласнай вытворчасці, у тым ліку збожжам. Будзе вырашана пытанне з забеспячэннем мясаперапрацоўчага комплексу ААТ "Александрыйскае" і новага малакаперапрацоўчага прадпрыемства гарантаванай і якаснай сыравінай.

Паведамлялася, што ў далейшым на другім этапе прапануецца стварыць вертыкальна інтэграваную структуру - агракамбінат, які будзе функцыянаваць як адзіны тэхналагічны ланцужок па вытворчасці і рэалізацыі аграпрамысловай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі