17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з вучонымі і ўдзельнікамі беларускіх антарктычных экспедыцый падтрымаў прапанову вызначыць у Беларусі статус палярніка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адпаведнае пытанне на сустрэчы ўзняў намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў і начальнік усіх беларускіх антарктычных экспедыцый Аляксей Гайдашоў. Ён прапанаваў на нарматыўным узроўні вызначыць такі статус, бо цяпер палярнікі, па сутнасці, з'яўляюцца сезоннымі работнікамі.
"Па статусе трэба вызначыцца і ўнесці прапановы", - даручыў беларускі лідар.
Адно з асноўных пытанняў тут - захаванне стажу, паколькі палярнікі на час экспедыцый вымушаны звальняцца з асноўнага месца працы, а пасля вяртання - зноў шукаць сабе месца. "Гэта адзінкавыя людзі. Таму паглядзіце. Медыцынскае абслугоўванне і гэтак далей", - згадзіўся кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адна просьба ад Аляксея Гайдашова заключалася ў некаторых карэкціроўках заканадаўства аб закупках у тым, што датычыцца патрэб палярнікаў. Часам гэта працэдура можа быць даволі складанай, а трэба набыць нешта канкрэтнае, і альтэрнатывы быць не можа. "Наша галоўная задача - бяспека. Мы працуем доўгі тэрмін у аўтаномным рэжыме", - адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў, каб такія рашэнні па закупках кропкава для антарктычных экспедыцый прымаў кіраўнік НАН Беларусі. "Думаю, для палярнікаў гэта будзе ідэальны варыянт", - згадзіўся Аляксей Гайдашоў.-0-