19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў на працягу некалькіх дзён канчаткова ліквідаваць усе вузкія месцы ў сувязі з наступствамі ўрагану. Аб гэтым ён заявіў, падводзячы вынікі селектарнай нарады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Людзей я хачу чарговы раз супакоіць і паабяцаць, што на працягу некалькіх дзён мы вузкія месцы ліквідуем пасля гэтага ўрагану. І яшчэ месяц будзем працаваць. Каб абнавіць недзе, узмацніць работу па энергазабеспячэнні. Мы бачым гэтыя праблемы, урокі атрымалі. На працягу месяца мы скончым усе работы, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Першачарговыя праведзены ўжо. Трэба прыняць дызель-генератары з вёсак. Але для таго каб іх прыняць, трэба штатна падвесці электраэнергію. Гэта мы за бягучы тыдзень зробім".
"А першачарговыя работы, як дамаўляліся, да 16-га чысла былі зроблены. Тут я ўжо рэагую на розную пісаніну нашых збеглых і іншых: "Вось, Прэзідэнт паабяцаў 16-га чысла, цяпер на 19-га перанёс даручэнне…" Ну, яны дрэнна чуюць, вушы, напэўна, дрэнна прамылі. Да 16-га чысла было даручэнне забяспечыць рух аўтамабільнага, чыгуначнага транспарту і іншае. У нас жа заторы былі такія, што нават паязды хадзілі са спазненнем да 7 гадзін. Вельмі хутка выканалі гэту работу. Нават раней, чым я даручаў", - адзначыў Прэзідэнт.
У той жа час да 19 ліпеня ўсе населеныя пункты забяспечаны электраэнергіяй. "Але ёсць у нас яшчэ 100 з нечым вёсак, дзе працуюць дызель-генератары. Вось іх трэба прыняць, падключыць усе гэтыя вёскі і вырашыць праблемы з домаўладаннямі. Там, дзе, груба кажучы, ад слупа ў хату ідзе провад гэты. Парваны, недзе яшчэ нешта. Трэба вырашыць і гэтыя праблемы", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму мы вырашым усе пытанні па пераадоленні катастрофы ў сувязі з гэтым шалёным ураганам і зробім адпаведныя высновы па ўсіх напрамках. Работа гэта павінна быць праведзена, і мы таксама чакаем ад вас адпаведнай інфармацыі для прыняцця рашэнняў", - дадаў Прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў селектарнай нарады.-0-