Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 лістапада 2024, 16:23

Лукашэнка назваў галоўны канёк БРСМ

14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Студатрадаўскі рух - гэта канёк Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час размовы з актывістамі БРСМ - байцамі студатрада, які прымаў удзел у рэканструкцыі стадыёна "Трактар", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У рэканструкцыі стадыёна ўдзельнічала 11 зводных студэнцкіх будатрадаў, гэта прыкладна 200 маладых чалавек. Работы вяліся на працягу двух гадоў.

Прэзідэнт адзначыў, што вопыт работы ў будатрадзе застаецца на ўсё жыццё. Аляксандр Лукашэнка і сам у свой час быў байцом будатрада, і ўспаміны аб гэтым у яго засталіся толькі самыя станоўчыя, хоць работа была няпростай. "Гэта зусім іншы студэнт, калі ён пабыў у будатрадзе. Зусім іншы", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

"У вас будатрадаўскі рух - гэта ваш канёк, можна сказаць. Гэта бясспрэчна. І вось так трэба падцягваць тыя напрамкі, якія вы можаце асвоіць і якія патрэбны людзям", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама згадаў дабрачынны і валанцёрскі рух БРСМ, дапамогу пажылым людзям. "Добрая справа, - падкрэсліў ён. - І вось на сябе трэба браць гэтыя напрамкі і іх развіваць - тое, што трэба людзям. Гэта аснова".
Студэнты запрасілі кіраўніка дзяржавы на Усебеларускі злёт будатрадаў, які пройдзе ў снежні гэтага года. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сустрэчы з байцамі будатрадаў для яго як бальзам на сэрца, паколькі гэта дае магчымасць успомніць сваё студэнцкае жыццё. Разам з тым Прэзідэнт папярэдзіў, што не можа паабяцаць, што абавязкова наведае гэта мерапрыемства: канец года і загружанасць цяпер вялікая. "Калі атрымаецца, я з задавальненнем зазірну ў вашу сям'ю", - сказаў ён.

Яшчэ адзін цікавы напрамак у БРСМ - маладзёжныя атрады аховы правапарадку. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў развіццё гэтай ініцыятывы: "Гэта вельмі правільна. Парадак на вуліцах мы павінны наводзіць самі, вы самі. Нам трэба захаваць і нават узмацніць той парадак, які ў нас ёсць. Яшчэ раз гавару: гэта для вас і вашых дзяцей. Асабліва для дзяцей. Вось іншаземцы прыязджаюць да нас: слухайце, ды ў Беларусі можна дзіця ў парк адвезці, адпусціць, і ніхто яго там не пакрыўдзіць. Гэта дарагога каштуе. Гэта нятанна".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі