28 мая, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. На інфармацыйным фронце не будзе штылю, там ідзе барацьба, цана якой - суверэнітэт Беларусі і нацыянальная годнасць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на Форуме медыйнай супольнасці Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ініцыятыва правядзення такога маштабнага мерапрыемства, дзе ўпершыню сабраны разам увесь інфармацыйны пул: журналістаў, экспертаў, спецыялістаў у галіне камунікацый, служачых у дзяржструктурах, - як ніколі своечасовая, падкрэсліў Прэзідэнт.
Сімвалічным ён назваў правядзенне форуму ў дні пераможнага мая. Нядаўна ў краіне адсвяткавалі Дзень Перамогі, а наперадзе найважнейшая дата ў беларускай гісторыі - 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
"Гераічная гісторыя савецкага народа - гэта найвялікшы здабытак. Яна - наш галоўны настаўнік", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, як у гады Вялікай Айчыннай вайны, гады акупацыі Беларусі ішла жорсткая бітва за будучыню - не толькі на фронце, але і на старонках друкаваных выданняў, на хвалях радыёвяшчання. У прэсе на акупаваных тэрыторыях друкавалі вершы і прозу калабарацыяністы, якія прысягнулі Гітлеру. На яе старонках расказвалася пра "цудоўную будучыню" беларусаў пад уладай "вялікай Германіі" з арыентацыяй на "новую Эўропу", распаўсюджваліся міфы пра зверствы партызан, бальшавікоў і іншых, абяцаліся нейкія "свабоды".
"Цану гэтых "свабод" і "новай еўрапейскай будучыні" ведаем - кожны трэці жыхар Беларусі. А, можа, ужо і кожны другі, улічваючы расследаванне Генеральнай пракуратуры па генацыдзе", - слушна заўважыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, у рыторыцы ангажыраваных Захадам сучасных крыніц інфармацыі - сацсетак, тэлеграм-каналаў, разнастайных чатаў - з тых часоў нічога не змянілася. "Наратывы тыя ж. Толькі мішэні новыя. Тады дыскрэдытавалі вобраз Савецкага Саюза. Сёння выціраюць ногі аб Беларусь і Расію, іншыя дзяржавы, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Тут і там б'юць па Прэзідэнце, яго блізкіх, сілавіках, дзяржслужачых і публічных асобах. Людзях, якія занялі актыўную дзяржаўную пазіцыю".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў дні святкавання Вялікай Перамогі і Дня Незалежнасці неяк несправядліва мала ўспамінаюць ваенных карэспандэнтаў. "Яны таксама знішчалі ворага. Знішчалі словам, якое давала сілы байцам Чырвонай арміі і паднімала іх у бой за Радзіму, за тое, што мы сёння маем. Яны перамаглі", - сказаў беларускі лідар.
"У нас з вамі за плячамі таксама нямала перамог на інфармацыйным фронце. Мы ведаем, за што змагаемся. За суверэнітэт Беларусі, нашу нацыянальную годнасць, будучыню нашых дзяцей", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падзякаваў усім прадстаўнікам медыйнай супольнасці за работу, высокі прафесіяналізм, прынцыповасць, адданасць роднай краіне і, самае галоўнае, за смеласць. "Ніколі нікога не бойцеся. Вы на сваёй зямлі. У адваротным выпадку чым вы адрозніваецеся ад тых збеглых, якія ўцяклі і там сёння дрыжаць, каб не страціць работу або нейкую капейку перахапіць, каб па-ранейшаму змагацца супраць нашай краіны. А там грошы ўжо не даюць нават на СМІ. Толькі асобным, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Усё, што разгортваецца супраць нас, - пад кантролем спецслужбаў. Вядома, не польскіх і не літоўскіх. Там яны (амерыканцы. - Заўвага БЕЛТА) ужо кіруюць і арудуюць. Але грошы даюць на зброю, узброеную барацьбу, на захоп хаця б кавалачка зямлі на тэрыторыі Беларусі. Гэта ім патрэбна. Амерыканцам перш за ўсё. Нават не еўрапейцам".
"Штылю, ціхага надвор'я на гэтым інфармацыйным фронце, дзе мы з вамі ваюем, не будзе, - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. - Тым цікавей у гэтым плане. Мы і прафесійна павінны расці, каб процістаяць на гэтым фронце. Нікуды не дзенемся. Гэта вайна прыйшла ўжо да нас. Самае галоўнае - каб яна не перарасла ў гарачую".
"Мы - наследнікі пераможцаў, таму мы павінны перамагаць. Іншага шляху ў нас няма. Таму што час выбраў нас!" - рэзюмаваў Прэзідэнт.-0-
"Мы - наследнікі пераможцаў, таму мы павінны перамагаць. Іншага шляху ў нас няма. Таму што час выбраў нас!" - рэзюмаваў Прэзідэнт.-0-