12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь адкрыта для ўсіх, хто прыходзіць сюды з чыстымі намерамі і з мірам. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 12 верасня на сустрэчы з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей, якія пражываюць у Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ёсць мноства прыкладаў, калі людзі з усіх куткоў свету знаходзяць у Беларусі сваю другую Радзіму. "Часам складваецца ўражанне, што народы, якія прыязджаюць да нас, пакідаюць узаемныя раздоры, папрокі і крыўды на прыгранічных пунктах, як кажуць у Беларусі, ля парога хаты. Як яшчэ растлумачыць, што тут знаходзяць агульную мову, жывуць у міры і згодзе арабы і яўрэі, азербайджанцы і армяне, грузіны і абхазцы? - рытарычна спытаў Прэзідэнт. - Таму што ўсе вы сталі нашымі - вы сталі беларусамі".
Усе, хто жыве ў Беларусі, разам святкуюць Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці, захоўваючы такім чынам памяць аб прадстаўніках усіх нацыянальнасцей, якія дапамагалі беларусам вызваляць, а потым аднаўляць разбураныя фашыстамі гарады і вёскі, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Гэта памяць увекавечана ў назвах праспектаў і вуліц населеных пунктаў, імёны герояў прысвоены паркам, скверам і ўстановам адукацыі.
"Мы абсалютна адкрытыя і будзем адкрытыя для ўсіх, хто прыходзіць да нас з чыстымі намерамі, з мірам. Таму беларусам складана зразумець, што рухае еўрапейскімі элітамі ў іх імкненні адгарадзіцца і зноў выбудаваць "жалезную заслону" (памятаеце, у чым яны нас пастаянна папракалі ў савецкі час), - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Разумеючы, што гэта шлях у нікуды, у адказ мы робім для кагосьці нечаканыя, але зразумелыя для нас крокі: мы - наадварот - адкрываем граніцы і звяртаемся непасрэдна да народаў Еўропы. На шчасце, яны нас чуюць".
"І самае цікавае, што, прыязджаючы да нас, гэтыя людзі становяцца яшчэ большымі патрыётамі Беларусі, чым мы самі часам", - дадаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў кожнага - свая гісторыя, свой лёс, у некага, на жаль, свая бяда. "Пройдзеныя вамі выпрабаванні, пераадоленыя цяжкасці, перамога над акалічнасцямі выклікаюць глыбокае пачуццё павагі і шчырай сімпатыі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Я вельмі спадзяюся, што на нашай зямлі вы і вашы сем'і набылі мір і дабрабыт".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што, нягледзячы на адносна невялікія памеры Беларусі, месца тут дастаткова для таго, каб размясціць і пракарміць яшчэ столькі ж насельніцтва, колькі жыве цяпер. "Таму мы будзем зацікаўлены ў тым, каб вашы блізкія, знаёмыя, родныя па духу людзі прыязджалі да нас у Беларусь. Падкрэсліваю: вы нашы людзі", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
"Што датычыцца мяне як Прэзідэнта, я гэтага не ўтойваю, ніколі не было выпадку, каб вы недзе мяне не падтрымалі, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Вы нават часам задаяце тон нашым, беларусам - і добрым людзям, і тым, хто ўцёк. Вы для нас - самая сапраўдная каштоўнасць. Такіх, як вы, мы заўсёды чакаем у Беларусі. Гатовы садзейнічаць вам у вашым жыцці і, калі здарылася бяда, паверце, мы зробім усё для таго, каб вы, калі не забылі яе, то кожную раніцу не прачыналіся з гэтай бядой".
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў прадстаўнікам розных нацыянальнасцей, якія пражываюць у нашай краіне, за той патрыятызм, які яны праяўляюць: "Я абсалютна перакананы, што вы таксама, як усе беларусы, карэннае насельніцтва, цэніце і любіце нашу зямлю - вашу зямлю".
Прэзідэнт пацікавіўся ва ўдзельнікаў мерапрыемства, як ім жывецца ў Беларусі, ці ёсць якія-небудзь сістэмныя праблемы, якія неабходна вырашыць.-0-