24 кастрычніка, Казань /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю кітайскаму тэлеканалу CGTN 23 кастрычніка расказаў, чаму яго асабістае і дзяржаўнае пераплецена з Кітаем, які з'яўляецца адным з найбліжэйшых саюзнікаў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я вельмі шмат гавару пра КНР. Тут і асабістае (мой малодшы сын вучыцца ў Пекінскім універсітэце), тут і дзяржаўнае", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што больш як 30 гадоў таму, яшчэ з'яўляючыся дэпутатам, наведваў Кітай, пасля чаго прапаноўваў развіваць супрацоўніцтва з гэтай краінай. У той час гэта ўспрымалася без асаблівага энтузіязму, але цяпер Аляксандр Лукашэнка ганарыцца тым, што яшчэ тады ўбачыў перспектыву Кітая.
"Я рады, што ў мяне і асабістае, і дзяржаўнае пераплецена і звязана з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Я гэта вельмі цаню. Цаню працавітасць кітайцаў. Заўсёды прыводжу ў прыклад інтэнсіўнае развіццё Кітая і той прагрэс, які быў практычна на маіх вачах. Гэта нашы сябры, нашы саюзнікі. Мы на іх вельмі разлічваем. І гатовы для Кітая зрабіць усё, што ў іх інтарэсах. Няма таго пытання, якое мы не маглі б вырашаць для КНР", - заявіў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што Кітай разам з Расіяй - гэта найбліжэйшыя саюзнікі Беларусі. "Мы цікавыя для Кітая. Кітай тым больш цікавы для нас. Яны нямала інвесціруюць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь з Кітаем рэалізавала шэраг буйных праектаў. Гэта, напрыклад, будаўніцтва БНБК, запуск спадарожніка сувязі, стварэнне ракетнай і аўтамабільнай вытворчасцей.
"Няма таго сектара эканомікі, дзе мы цяпер не абапіраліся б на КНР. Гэта вельмі блізкі і вельмі перспектыўны наш саюзнік. Мне вельмі хацелася б, каб наша супрацоўніцтва з КНР развівалася. У нас добрыя адносіны на ўзроўні кіраўніцтва. Мы даўнія знаёмыя і сябры са Старшынёй Сі Цзіньпінам. Мы разумеем Кітай, успрымаем яго палітыку. Думаю, што ў нас будзе ўсё нармальна", - заявіў беларускі лідар.-0-