Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 верасня 2024, 13:03

Лукашэнка: лепш жыць бядней, чым ваяваць

2 верасня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Лепш жыць бядней, чым ваяваць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 2 верасня, адказваючы на пытанні ў час мерапрыемства "Адкрыты мікрафон з Прэзідэнтам" са студэнтамі ВНУ Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што менавіта цяперашняму маладому пакаленню трэба будзе будаваць будучыню краіны. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што не варта імкнуцца да ўзбагачэння любой цаной. "Вам давядзецца жыць у гэтым свеце, вам яго будаваць. Я заўсёды гавару з вышыні свайго вопыту: лепш жыць крыху бядней, чым ваяваць, як гэта адбываецца за межамі нашай краіны", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што вайна ідзе не толькі там. Бо і Беларусі даводзіцца вельмі няпроста, супраць яе, можна сказаць, развязана эканамічная вайна. "Я проста спрабую як Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі зберагчы вас, каб вы не адчулі гэтага напружання ваеннага", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што краіна прадаўжае развівацца ў складаных умовах, уключаючы незаконныя варварскія санкцыі. "І толькі дзякуючы таму, што мы на Усходзе змаглі выбудаваць нашы адносіны з Расіяй і Кітаем, іншымі краінамі, з афрыканскімі краінамі, нам удаецца балансаваць", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Урэшце, заўважыў Прэзідэнт, ёсць у Беларусі і тыя, хто скардзіцца на "беднае" жыццё, забываючы, які прагрэс зрабіла краіна за гады незалежнасці, у тым ліку ў плане росту дабрабыту грамадзян. "Гэта добра, што вы патрабуеце: "Давайце больш, больш". Але трэба не забываць, што ўсё гэта ствараецца нашымі з вамі рукамі. Я адзін гэта не ствараю. Гэта вы ствараеце, вашы бацькі. Будзе большай аддача ў эканоміцы - паверце, ніхто не раскрадзе, гэта ўсё будзе ваша, наша сумеснае. Але для гэтага трэба проста працаваць", - запэўніў кіраўнік дзяржавы.

Вобразна гаворачы, Прэзідэнт нагадаў моладзі: не ў гаджэтах расце бульба, абавязкова трэба працаваць і быць асцярожнымі, каб не дапусціць маніпулявання. "Інтэрнэт - вялікі здабытак чалавецтва. Хочам ці не, ад гэтага нікуды не дзецца. Гэта найвялікшы здабытак. Але, калі ты ўзяў тэлефон, сядзіш там з раніцы да вечара, ты павінен умець гэтым карыстацца. Гэта вельмі сур'ёзная зброя ў руках тых, хто гэту зброю ствараў і хто ўмее ёю валодаць. І як толькі гэта зброя выходзіць з падпарадкавання тых, хто яе трымае ў руках, будзе як з Паўлам Дуравым у Францыі - хутка ўпякуць і забудуць пра свабоду слова і іншае. Гэта вы павінны разумець і ўсведамляць", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Усе гэтыя важныя моманты трэба тлумачыць маладому пакаленню, упэўнены Прэзідэнт. Але ён перасцярог ад залішняга націску з боку дарослых або навязвання свайго пункту гледжання. "Яны разумныя людзі. Ім трэба сказаць: гэта плюсы, гэта мінусы, выбірайце. Ім усё роўна ў галаву цяпер не ўб'еш", - заўважыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, студэнты - гэта лепшая наша моладзь, адукаваная, дастаткова ім сказаць, а яны няхай думаюць, прымаюць рашэнні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі