28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інавацыі павінны стаць галоўнай рухаючай сілай эканомік Беларусі і Расіі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у сваім відэазвароце да ўдзельнікаў XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, цяпер на парадак дня Форуму заканамерна выходзяць пытанні пабудовы інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы, паколькі ў сучасным свеце забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту і нацыянальнай бяспекі немагчымы без распрацоўкі і ўкаранення інавацыйных рашэнняў.
Ён упэўнены, што ў Беларусі і Расіі ў гэтым плане ёсць усе неабходныя ўмовы: захаваліся лепшыя навуковыя школы, забяспечана моцная матэрыяльная база, рэалізуецца адзіная прамысловая палітыка і фарміруецца адзіная навукова-тэхналагічная прастора. І самае галоўнае - краіны маюць магутны чалавечы патэнцыял.
"Зроблена нямала. Але спыняцца на дасягнутым нельга. Мы павінны імкнуцца да таго, каб інавацыі сталі галоўнай рухаючай сілай эканомік Беларусі і Расіі. Ініцыятыўнасць, творчасць, нешаблоннасць мыслення павінны задаваць трэнды ў эканамічным развіцці нашых краін. Вырашэнне пастаўленых задач патрабуе падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў. Таму прыярытэтную ўвагу трэба ўдзяляць захаванню і ўзмацненню патэнцыялу ў сферы навукі і адукацыі", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што развіццё інавацыйнай эканомікі ў Беларусі і Расіі немагчыма без актыўнай пазіцыі рэгіёнаў: "Стварэнне на мясцовым узроўні высокатэхналагічных прадпрыемстваў можа стаць найбольш перспектыўнымі і ўстойлівымі кропкамі эканамічнага росту".
Паводле слоў Прэзідэнта, гэтыя праекты дапамогуць і ў вырашэнні сацыяльных задач, такіх як стварэнне новых працоўных месцаў, захаванне кадравага патэнцыялу на месцах, прыцягненне моладзі на вытворчасці.
"Нельга забываць, што ў канчатковым выніку ўся наша дзейнасць павінна быць нацэлена на тое, каб зрабіць жыццё людзей лепшым", - падкрэсліў беларускі лідар.-0-