Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 кастрычніка 2024, 18:54

Лукашэнка: для Беларусі Лаос уяўляе цікавасць як кропка апоры на паўднёвым усходзе Азіі

Тханглун Сісуліт і Аляксандр Лукашэнка
Тханглун Сісуліт і Аляксандр Лукашэнка
23 кастрычніка, Казань /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні і актывізацыі супрацоўніцтва з Лаосам. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Лаоса Тханглунам Сісулітам на палях саміту БРІКС у Казані, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Павінен вам сказаць, што мы вельмі, вельмі добразычліва настроены ў адносінах да вашай краіны, - звярнуўся кіраўнік беларускай дзяржавы да лідара Лаоса. - Мы хацелі б паглыбіць нашы адносіны, мець на паўднёвым усходзе Азіі нейкую кропку апоры для Беларусі. І ў сувязі з тым, што мы для Лаоса цікавыя і патрэбныя (прабачце за нясціпласць), мы маглі б пашырыць наша супрацоўніцтва і больш актыўна супрацоўнічаць з вамі. Для гэтага ўсё ёсць. Трэба толькі наша жаданне і пэўны план дзеянняў на перспектыву".

У сваю чаргу Тханглун Сісуліт падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за магчымасць сустрэцца і ўспомніў пра свой візіт у Мінск у 2013 годзе ў статусе намесніка прэм'ер-міністра - міністра замежных спраў Лаоса. У маі бягучага года ён таксама сустракаўся з Прэзідэнтам Беларусі  ў час парада з нагоды Дня Перамогі ў Маскве.

"Я пастаянна сачу за навінамі. Хацеў бы павіншаваць вас з поспехам па кіраўніцтве краінай - Беларусь узмацніла сваю ролю на сусветнай арэне", - сказаў лаоскі лідар. Ён таксама выказаў удзячнасць Беларусі за супрацоўніцтва ў ваенна-прамысловай сферы і аказанне дапамогі ў падрыхтоўцы кадраў для Лаоса.

Пры гэтым тэмпы і ўзровень супрацоўніцтва, асабліва ў эканоміцы, пакуль не адпавядаюць магчымасцям дзвюх краін, асабліва ўлічваючы высокі ўзровень палітычнага ўзаемадзеяння і дружалюбныя адносіны Беларусі і Лаоса, перакананы Тханглун Сісуліт.

Аляксандр Лукашэнка згадзіўся з гэтым тэзісам: "Адносіны нашы, як вы вельмі правільна сказалі, не адпавядаюць таму патэнцыялу, які ў нас існуе. Нам трэба больш смела і энергічна рухацца па гэтым шляху. Трэба вызначыцца, што мы адзін аднаму павінны зрабіць. Думаю, мы гэта зробім у бліжэйшы час, і вы можаце не сумнявацца, спадар Прэзідэнт, мы сваю дарогу пройдзем і зробім так, каб было для вашага народа зручна і выгадна супрацоўнічаць з Беларуссю".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў гатоўнасць супрацоўнічаць з Лаосам па многіх напрамках, што ўяўляюць узаемны інтарэс. "Думаю, трэба, каб група спецыялістаў з вашага боку і група спецыялістаў з нашага боку выпрацавалі план на бліжэйшую і сярэднюю перспектыву, каб мы разумелі, у якім напрамку рухацца, якія тавары вас цікавяць у нас і што нас цікавіць у Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы. Усё гэта трэба цяпер склеіць і выпрацаваць канкрэтны план і пакласці нам на стол для зацвярджэння", - сказаў Прэзідэнт. Для вырашэння гэтых пытанняў ён прапанаваў абмяняцца візітамі. "Я вас заўсёды чакаю ў Мінску, тым больш вы ведаеце дарогу ў Мінск (размова пра візіт у 2013 годзе. - Заўвага БЕЛТА)", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што сам знойдзе час, каб пабываць у Лаосе.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі