Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 ліпеня 2024, 16:02

Лукашэнка даручыў да маразоў канчаткова завяршыць работу з драўнінай на бураломах

19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў да маразоў канчаткова завяршыць работу з драўнінай на бураломах. Аб гэтым ён заявіў у час селектарнай нарады, заслухоўваючы даклад міністра лясной гаспадаркі Аляксандра Куліка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як далажыў міністр, найбольш пацярпелі лесанасаджэнні з аб'ёмам драўніны 2,4 млн куб. м у Гомельскай і Магілёўскай абласцях, што складае каля 10-12 працэнтаў ад традыцыйнага аб'ёму гадавой высечкі па краіне. На правядзенне работ у гэтыя рэгіёны накіраваны 1,5 тыс. спецыялістаў, задзейнічана розная тэхніка, у тым ліку спецыялізаваная для распілоўвання і вывазу драўніны.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што цяпер многія леснікі дапамагаюць энергетыкам вызваліць лініі электраперадачы ад дрэў, якія ўпалі. Гэта першачарговая задача, таму што неабходна аднавіць падачу электрычнасці ў населеныя пункты. "Але гэта работа павінна быць да раніцы завершана - па аднаўленні ліній электраперадачы. І леснікам, Мінлясгасу трэба пераходзіць да выканання гэтых функцый (па разборы буралому. - Заўвага БЕЛТА)", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Па даручэнні Прэзідэнта, у арганізацыі такіх работ будуць задзейнічаны губернатары, а нарыхтаваная сіламі рэгіёнаў драўніна з паваленага і пашкоджанага лесу будзе перададзена ў распараджэнне губернатараў. "Мною прынята рашэнне, каб вам дапамаглі на месцах губернатары. І таму, хто нарыхтуе драўніну ўласнымі сіламі, мы павінны аддаць. Прадумайце механізм", - звярнуўся да адказных службовых асоб Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца тэрмінаў, неабходных на канчатковы разбор бураломаў, якія ўтварыліся ў выніку разгулу стыхіі, і вываз драўніны на перапрацоўку, то на гэта, паводле ацэнкі міністра, спатрэбіцца каля трох месяцаў.

"Да маразоў трэба гэта ўсё зрабіць", - паставіў задачу Прэзідэнт.

"Прынята", - адказаў міністр. Ён таксама папрасіў дадаткова выдзеліць каля сотні сартыментавозаў (лесавозаў) вытворчасці МАЗ.

"Трэба, каб МАЗ вырабіў да сотні гэтых аўтамабіляў і перадаў міністру лясной гаспадаркі", - даручыў кіраўнік дзяржавы. Як было адзначана, у цэлым попыт на драўніну ёсць як унутры краіны, так і за яе межамі, у гэтым годзе рэалізацыя ідзе поўным ходам, запатрабаваны розныя віды драўніны.

Прэзідэнт таксама заявіў аб неабходнасці ў цэлым мабілізоўваць насельніцтва і спецыялістаў для ліквідацыі наступстваў стыхіі.

"Адгаворкі накшталт таго, што я не пайду, не хачу, не буду, не прымаюцца. Упаўнаважаныя Прэзідэнта на месцах, прымайце рашучыя дзеянні. Гэта раўнасільна вайне. Толькі без стральбы. Мабілізоўвайце насельніцтва", - падкрэсліў беларускі лідар. Прычым прыцягваць да работ кіраўнік дзяржавы даручыў таксама і тых, хто адбывае пакаранне: "Я ўжо гаварыў міністру ўнутраных спраў, ён падключыцца. У нас больш за 20 тыс. сядзельцаў і так званых "палітзняволеных". Туды, на прасеку, дапамажыце краіне".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі