5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Тульская вобласць Расіі здольны нарасціць тавараабарот да $1 млрд. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 5 лістапада на сустрэчы з губернатарам Тульскай вобласці Дзмітрыем Міляевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Вітаючы кіраўніка расійскага рэгіёна на гасціннай беларускай зямлі, Прэзідэнт, карыстаючыся выпадкам, асабіста павіншаваў яго з выбраннем на высокую і адказную пасаду губернатара вобласці (датэрміновыя выбары губернатара Тульскай вобласці адбыліся ў верасні 2024 года). Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што цяперашняя паездка Дзмітрыя Міляева ў Беларусь - адна з першых на яго новай пасадзе. "Вядома, я хацеў бы, каб яна была вельмі рэзультатыўнай і прывяла да прыкметных вынікаў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
У прадаўжэнне размовы Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што папярэдняя яго сустрэча з дэлегацыяй Тульскай вобласці адбылася ў Мінску больш як 10 гадоў таму (у 2012 годзе з губернатарам Тульскай вобласці Уладзімірам Груздзевым).
"За гэты час і Беларусь, і ваша вобласць сур'ёзна рушылі наперад у галіне нашага супрацоўніцтва. Двухбаковы тавараабарот за мінулыя два гады, нягледзячы ні на якія складанасці, а можа, дзякуючы гэтым складанасцям, дасягнуў паказчыка ў памеры паўмільярда долараў. Гэта даволі ўнушальныя аб'ёмы, улічваючы тое, што за 9 месяцаў бягучага года мы дабавілі 37 працэнтаў - каласальны рост. Таму мільярд долараў - планка не такая ўжо высокая сёння для нас", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы назваў найбольш перспектыўныя для развіцця супрацоўніцтва галіны і сферы.
Вытворчая кааперацыя
У першую чаргу гэта, вядома, вытворчая кааперацыя. "Акрамя чыстага прыбытку, трансферу тэхналогій, укаранення інавацый і забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту, яна вядзе да стварэння новых працоўных месцаў як у нашай краіне, так і ў вашым рэгіёне", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што гэта будуць якасна новыя працоўныя месцы. Адпаведны вопыт у гэтым у абодвух бакоў ужо ёсць: рэалізуецца праект паміж МАЗам і аб'яднаннем "Сплаў" у частцы вытворчасці спецтэхнікі.
Прэзідэнт адзначыў, што інтарэс да кааперацыі з беларускімі партнёрамі (у тым ліку па закупках металаканструкцый) праяўляе Тульскі завод чыгуначнага машынабудавання, а да прадукцыі гэтага тульскага прадпрыемства - Беларуская чыгунка. Ён таксама пацвердзіў гатоўнасць Беларусі да далейшага пашырэння супрацоўніцтва з прамысловымі прадпрыемствамі Тульскай вобласці, якія вырабляюць спецыяльную прадукцыю.
Пастаўкі беларускай тэхнікі
Яшчэ адзін перспектыўны напрамак - пастаўкі беларускай тэхнікі. У час візіту ў Беларусь расійская дэлегацыя плануе наведаць Мінскі аўтамабільны завод, і тэхніка МАЗ, на думку Прэзідэнта, знойдзе шырокае прымяненне ў Тульскай вобласці. Акрамя таго, беларускі бок гатовы ўдзельнічаць у праектах па мадэрнізацыі парку пасажырскай тэхнікі рэгіёна.
Перспектыўнай, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, бачыцца таксама рэалізацыя ў Тульскай вобласці пілотнага праекта па запуску электробуса і будаўніцтве зарадных станцый. У гэтай сферы Беларусь ужо набыла пэўны вопыт, звярнуў увагу Прэзідэнт.
Безумоўна, ёсць таксама патэнцыял для далейшага нарошчвання паставак сельскагаспадарчай тэхнікі. У 2023 годзе прадстаўнікі расійскага рэгіёна наведвалі выстаўку "Белагра" і маглі азнаёміцца з патэнцыялам беларускай сельскай гаспадаркі, пераканацца ў якасці айчыннай тэхнікі. "У гэтай сферы нам з вамі адназначна ёсць куды прырастаць (у 2023 годзе прададзена ўсяго 50 адзінак трактароў МТЗ, яны сёння вельмі патрэбны ў любой вобласці). У гэтым напрамку можам з вамі супрацоўнічаць", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Навуковае супрацоўніцтва
Наступным напрамкам, дзе ў абодвух бакоў ёсць узаемны інтарэс, Прэзідэнт назваў навуковае супрацоўніцтва. "У частцы распрацоўкі і вытворчасці хімічных кампанентаў, кампазітных матэрыялаў можам прапанаваць як узаемадзеянне з Інстытутам хіміі новых матэрыялаў Акадэміі навук Беларусі, так і кааперацыйныя адносіны з прадпрыемствам "Пеленг". Акажам пры неабходнасці садзейнічанне ў падрыхтоўцы прафесійных кадраў для гэтай галіны, калі ў вас будзе да гэтага інтарэс", - сказаў беларускі лідар.
Пра сельскую гаспадарку
"Калі вы гатовы, можам нарошчваць аб'ёмы паставак у ваш рэгіён беларускіх прадуктаў харчавання, сельскагаспадарчай сыравіны", - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.
Напрыклад, найноўшая тэхналагічная вытворчасць ЗАТ "Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя" можа пастаўляць высакаякасныя камбікармы, прэміксы і амінакіслоты. А прадпрыемства "Белнасенне" мае неабходныя рэсурсы для паставак элітнага насення беларускай селекцыі.
"Айчынныя прадпрыемствы гатовы ўдзельнічаць у праектаванні і будаўніцтве жывёлагадоўчых комплексаў, прытым пад ключ", - адзначыў Прэзідэнт.
Пра будаўніцтва і ЖКГ
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што беларускія спецыялісты будуюць шматкватэрныя жылыя дамы ў Калузе і Варонежы, выкарыстоўваючы канструктыўныя сістэмы буйнапанэльных дамоў айчыннай вытворчасці.
"Мы гатовы супрацоўнічаць і з вамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі бок гатовы дзяліцца сваім вопытам у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, уключаючы пытанні водаачысткі і водаадвядзення.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэта толькі невялікае кола перспектыўных напрамкаў. Яно, вядома, не абмяжоўваецца абазначанымі тэмамі. "Я гарантую вам выкананне ўсіх пытанняў, па якіх вы дамовіцеся, прыехаўшы ў Беларусь. Мы людзі абавязковыя, і калі дамаўляемся, свае абавязацельствы выконваем", - заявіў беларускі лідар.
У склад расійскай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі 34 тульскіх кампаній. Яны прадстаўляюць самыя розныя сферы эканомікі, пачынаючы ад харчовай прамысловасці і заканчваючы чыгуначнай тэхнікай. Дзмітрый Міляеў у сваю чаргу адзначыў, што знешнеэканамічныя і культурныя сувязі Тульскай вобласці з Беларуссю вылічваюцца дзесяцігоддзямі.
"Знешнегандлёвы абарот расце сапраўды даволі актыўна. Рухаемся ў гэтым напрамку паступальна", - дадаў губернатар.
Тульская вобласць пастаўляе ў Беларусь тавары металургічнай і хімічнай галін, прадукцыю харчовай прамысловасці. "У сферы машынабудавання таксама развіваецца і кааперацыя", - канстатаваў Дзмітрый Міляеў.-0-