23 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Масква плануюць дасягнуць тавараабароту $7 млрд. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 23 снежня на сустрэчы з мэрам Масквы Сяргеем Сабяніным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У сустрэчы таксама прыняў удзел кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ён па-ранейшаму адказвае за супрацоўніцтва з Расіяй (у мінулым Дзмітрый Крутой займаў пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Расіі) і Масквой у прыватнасці.
"Ён добра паглыбіўся, калі быў паслом, у гэту праблему. І я падумаў, чаго нам мяняць і шукаць кагосьці лепшага. Тым больш вельмі паважае Расію і ўсё, што там адбываецца. І крытычна да некаторых пытанняў ставіцца, але Маскву любіць за тое, што зроблена ў апошнія гады. Гэта не дзеля ліслівасці. Я таксама зайздрошчу часта. Вы маштабна робіце тое, што мы маглі б рабіць у Мінску, але не маем для гэтага такіх магчымасцей (і самі сябе суцяшаем гэтым, што магчымасцей не хапае). Але многаму вучымся, падглядаем у вас і многія рэчы паўтараем", - сказаў Прэзідэнт.
У прыклад кіраўнік дзяржавы прывёў праграму рэнавацыі жылля ў Маскве. "Вы цяжка пачыналі рэнавацыю. Але мы гэтым шляхам ідзём кропкава, рэанімуючы Мінск, прыводзячы яго ў парадак. Дзе трэба, зносім будынкі, паляпшаем жыццё людзей", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Асаблівая ўвага ў дзвюх сталіцах удзяляецца гарадскому добраўпарадкаванню. "Ёсць чаму павучыцца", - заўважыў беларускі лідар.
Масква - адзін з галоўных партнёраў Беларусі сярод суб'ектаў Расійскай Федэрацыі. У мінулым годзе, паводле інфармацыі беларускага ўрада, аб'ём узаемнага гандлю склаў больш за $6 млрд. У бягучым годзе гэты ўзровень быў ужо дасягнуты па выніках студзеня-кастрычніка.
"У гэтым годзе мы ўжо замахнуліся на тавараабарот з вамі да $7 млрд. Мне, шчыра кажучы, цяжка паверыць, што мы можам дасягнуць такога ўзроўню, але гэта вельмі салідна", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама дзякаваў кіраўніцтву Масквы за садзейнічанне ў рэканструкцыі беларускага павільёна на ВДНГ. "Як мяне інфармуюць, на тую прадукцыю, якую мы там выстаўляем, шалёны попыт. На прадукты харчавання, адзенне. Яны па цане і па якасці падыходзяць", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Адзначыў Прэзідэнт і развіццё супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. "Для нас гэта важна. Людзі вельмі добра ведаюць Маскву, любяць Маскву, вучацца ў Маскве многаму, асабліва ў галіне культуры. Гэта на карысць нашым адносінам", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Сяргей Сабянін у сваю чаргу падкрэсліў, што такая дынаміка ў гандлёва-эканамічных адносінах паміж Беларуссю і Расіяй абумоўлена цеснымі адносінамі паміж двума прэзідэнтамі.
"Масква для Беларусі з'яўляецца галоўным партнёрам. За апошнія два гады амаль на 30 працэнтаў вырас тавараабарот, па шэрагу пазіцый - яшчэ больш. Напрыклад, па будаўнічых матэрыялах - амаль на 60 працэнтаў. Нават візуальна - па вуліцах ходзяць сотні, калі не тысячы адзінак камунальнай тэхнікі, вырабленай у Беларусі (трактары, машыны, уборачная тэхніка). Па прадуктах харчавання Беларусь - партнёр нумар адзін. Практычна ва ўсіх магазінах Масквы, на кірмашах можна купіць беларускую прадукцыю. І масквічы яе любяць: яна вельмі якасная, экалагічна чыстая", - заявіў мэр Масквы. Добрая дынаміка, паводле яго слоў, і ў іншых галінах: электроніцы, машынабудаванні, медыцыне, фармацэўтыцы.
"Што датычыцца турыстычных патокаў, толькі за гэты год яны павялічыліся амаль на 50 працэнтаў. Было нейкае запаволенне, відаць, звязанае з кавідам, пачаткам спецаперацыі, але цяпер яны аднаўляюцца", - адзначыў Сяргей Сабянін.
Ён дадаў, што масквічам падабаецца прыязджаць у Беларусь і, у прыватнасці, у Мінск. Для іх гэта адзін з самых папулярных напрамкаў. І беларусы любяць наведваць Расію і яе сталіцу.-0-