Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
18 жніўня 2024, 14:19

Лукашэнка адказаў на пытанне, якой будучыні жадае малодшаму сыну Мікалаю

18 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю тэлеканалу "Расія" адказаў на пытанне, якой будучыні жадае свайму малодшаму сыну Мікалаю, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гаворачы пра свае ўзаемаадносіны з сынам, Прэзідэнт заўважыў, што Мікалай цікавіцца многімі працэсамі, падзеямі, што адбываюцца як у Беларусі, так і ў свеце, выказвае свой пункт гледжання, а часам - і крытычныя заўвагі.

"Ён у мяне такі "апазіцыйны" да мяне. У такім добрым сэнсе ён можа мяне пакрытыкаваць, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але гэта ў альтэрнатыву заўсёды. Не апазіцыйна, а ў альтэрнатыву нешта выкажа".

Размова зайшла таксама пра падзеі 2020 года і знакамітыя кадры, калі Прэзідэнт з'явіўся з аўтаматам каля Палаца Незалежнасці і побач з ім знаходзіўся малодшы сын.

"Ён, калі ўбачыў, што я бронекамізэльку сваю надзел (і ў яго, і ў мяне свая зброя, бронекамізэлькі) і ў верталёт, ён на сябе накінуў... Маці там яго якраз была дома - завыла. Я ўжо выходзіў, чую, ёй гаворыць: "Я не хачу тут звар'яцець, пакуль ён будзе там". Вось яго фраза была, - расказаў кіраўнік дзяржавы. - Ты, гавару, дома застанешся, не трэба нікуды. "Не, я пайду з табой. Я не забіваць еду, я іду абараняць свайго бацьку". Вось яго былі словы. Што тут скажаш пасля гэтага? Мы селі з ім у верталёт і паляцелі".

"Ён чалавек мужны. Я гэтаму рады. І сваю краіну ён будзе абараняць належным чынам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка пра Мікалая.

Цяпер малодшы сын кіраўніка дзяржавы вучыцца ў Пекінскім універсітэце і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце па сумеснай праграме. Ён вывучае біятэхналогіі і пасля завяршэння атрымае два дыпломы.

"Я хачу, каб у гэтага здольнага чалавека, які музыкант добры, спартсмен і гэтак далей, я хачу, каб у яго была мірная будучыня. Як і ўсім беларусам, расіянам, усім добрым людзям вакол. Я хачу, каб быў толькі мір. А далей давайце паспаборнічаем, хто каго", - сказаў Прэзідэнт.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі