10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час размовы з жыхарамі аграгарадка Гарадзішча Шклоўскага раёна пракаменціраваў тэму парушэння паветранай прасторы Беларусі беспілотнікамі з Украіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння жывём без вайны. А калі пачнём дрэнна працаваць - чакай вайну. Усё ад эканомікі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён растлумачыў, што якраз гэтаму былі прысвечаны два дні яго работы ў Шклоўскім раёне. На нарадах разглядаліся пытанні развіцця эфектыўнай сельгасвытворчасці ў гэтым, а таксама ў Аршанскім раёне. "Не таму, што тут радзіма мая. Таму што Шклоўскі і Аршанскі раёны маюць добрую базу і тут землі адны з лепшых у краіне. І зямля павінна даць адпаведны вынік", - сказаў Прэзідэнт.
"Усё будзе нармальна. Але майце на ўвазе, што не ўсё ад мяне залежыць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Вось, мы пачалі нараду, я адарваўся ад Мінска, ад спраў канкрэтна. Учора вечарам куча беспілотнікаў, ці нейкія там цэлі, праз нашу тэрыторыю - на тэрыторыю Расіі, парушылі паветраную прастору. Давялося прымяніць сілу, давялося збіваць. Тое, што не збілі, ішлі праз Расію, інфармацыю перадалі - яны іх збілі".
"Вось бачыце, як бывае. Мы займаемся зямнымі пытаннямі, а там ужо на граніцы неспакойна. Вось я павінен тэрмінова заўтра быць на месцы і разбірацца з гэтымі праблемамі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.-0-