29 мая, Орша /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў частцы прадукцыі ВПК трэба мець максімум свайго. На гэта ў тым ліку нацэлены нядаўна прынятыя на УНС Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, размаўляючы з работнікамі завода "Легмаш" у Оршы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў развіццё абноўленых Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны прымаюцца і распрацоўваюцца дакументы, дзе ўжо адпаведныя пытанні атрымліваюць напаўненне ў выглядзе канкрэтыкі. Зразумела, частка такіх дакументаў носіць закрыты характар.
"Канцэпцыя, дактрына - гэта законы, напрамкі, па якіх мы будзем дзейнічаць. Але важна канкрэтыка. Калі мы гаворым аб тым, што будзем абараняцца, - паўстае пытанне: чым. Таму ўдзяляем вялікую ўвагу, у тым ліку ствараючы новыя вытворчасці", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што на выпадак ваеннага часу краіна павінна мець максімум свайго, і ў гэтым плане ўжо шмат робіцца. Размова і аб стралковай зброі, абсталяванні для сувязі і па шэрагу іншых напрамкаў, уключаючы выпуск новай прадукцыі ВПК на "Легмашы" ў Оршы.
"Гэта - галоўнае. Калі гэтага не будзе, ні дактрына, ні канцэпцыя працаваць не будуць", - дадаў кіраўнік дзяржавы.-0-