28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уклад далёкаўсходніх рэгіёнаў у агульную скарбонку знешняга гандлю Беларусі і Расіі малы з улікам існуючых магчымасцей. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 кастрычніка на сустрэчы з губернатарам Сахалінскай вобласці Расійскай Федэрацыі Валерыем Лімарэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Прэзідэнта, Сахалінская вобласць - вялікі, вельмі цікавы і родны расійскі рэгіён для Беларусі. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым уклад далёкаўсходніх рэгіёнаў у агульную скарбонку знешняга гандлю Беларусі і Расіі меншы за працэнт, або $350 млн.
"Менш за працэнта, але аб'ёмы каласальныя: усё ж такі $350 млн на такую адлегласць - гэта добрыя аб'ёмы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аднак з улікам існуючых магчымасцей гэтага мала, падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка абазначыў некаторыя напрамкі, па якіх бакі могуць рухацца, каб якасна і колькасна прырастаць у двухбаковым узаемадзеянні.
Імпартазамяшчэнне
"Нам трэба быць незалежнымі па ўсіх напрамках. Нам трэба зрабіць так, каб не да нас везлі розныя тавары, а ад нас вывозілі і прыязджалі сюды, у Расію і Беларусь, і прасілі, каб мы ім вырабілі тыя ці іншыя тавары", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У гэтым напрамку бакі зрабілі ўжо вельмі шмат. Расія дапамагае Беларусі крэдытнымі рэсурсамі пры рэалізацыі сумесных праектаў. "Больш таго, мы больш цяпер маем праектаў, чым планавалі. Пачынаючы ад нейкай "дробязі" (мікраэлектронікі) і заканчваючы самалётабудаваннем. Мы будзем будаваць у Беларусі самалёт "Асвей", які ў перспектыве будзе вельмі запатрабаваны. Ён сёння вельмі запатрабаваны ў Расійскай Федэрацыі, а для нас гэта новыя гарызонты, новыя кампетэнцыі. І так па ўсіх напрамках - мы павінны быць незалежныя ў эканоміцы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Думаю, што за наступную пяцігодку, калі, вядома, нас будуць вось так ціснуць, мы выйдзем на практычна поўнае імпартазамяшчэнне. Калі націску не будзе, можам расслабіцца, - адзначыў з доляй гумару кіраўнік дзяржавы. - Таму ўсе гэтыя санкцыі - яны і час магчымасцей".
Інавацыі і экалагічны транспарт
Прэзідэнт адзначыў, што на Сахаліне праводзіцца ўнікальны эксперымент па стварэнні вугляроднай нейтральнасці. "Мы вельмі гатовы з вамі пасупрацоўнічаць у плане інавацый, экалагічнага транспарту", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што першы ў свеце аўтамабіль-велікагруз БЕЛАЗ, які працуе на вадародным паліве, у хуткім часе будзе працаваць на сахалінскіх палігонах.
Ён звярнуў увагу, што Беларусь таксама паўсюдна ўкараняе экалагічны транспарт. Маршруты з выкарыстаннем электробусаў нават дзейнічаюць паміж некаторымі гарадамі Беларусі. "Калі ёсць жаданне, мы можам папрацаваць і ў вас і нашу тэхніку паставіць да вас", - прапанаваў Прэзідэнт.
Транспартная лагістыка і прадукты харчавання
"Мы сёе-тое можам у гэтым плане. Гатовы з вамі працаваць у вашым праекце па стварэнні міжнароднага транспартна-лагістычнага хаба за кошт мадэрнізацыі Корсакаўскага марскога гандлёвага порта і будаўніцтва заводаў па перапрацоўцы рыбнай прадукцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб пастаўках рыбнай прадукцыі, Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі яна карыстаецца вялікай папулярнасцю. Расійскі бок выдзеліў беларускім кампаніям квоты для вядзення рыбнага промыслу ў сваіх водах. "Аж на 10 гадоў наперад", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Цяпер у рэспубліцы плануюць пабудаваць завод па перапрацоўцы рыбы.
"Сельская гаспадарка і прадукты харчавання - калі ў вас будуць якія-небудзь пажаданні ў гэтым плане, мы гатовы з вамі працаваць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт дадаў, што беларускі бок гатовы развіваць супрацоўніцтва і па многіх іншых напрамках. "Адлегласць не мае ніякага значэння, будзем з вамі супрацоўнічаць і працаваць", - рэзюмаваў ён.-0-
Прэзідэнт дадаў, што беларускі бок гатовы развіваць супрацоўніцтва і па многіх іншых напрамках. "Адлегласць не мае ніякага значэння, будзем з вамі супрацоўнічаць і працаваць", - рэзюмаваў ён.-0-