Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада наведаў абноўлены стадыён "Трактар" і азнаёміўся з інфраструктурай сталічнага парку культуры і адпачынку імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка. Пабываць тут кіраўнік дзяржавы планаваў крыху раней, да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, аднак з-за шчыльнага рабочага графіка Прэзідэнта для мерапрыемства давялося шукаць іншую дату - яна выпала на першы дзень функцыянавання рэканструяваных стадыёна і прылеглага да яго парку. Чаму Аляксандр Лукашэнка ставіцца да гэтых аб'ектаў з асаблівай увагай, пра які "даўжок" ён нагадаў сталічным уладам і свайму ўпаўнаважанаму па Мінску, дзе кропкі росту для беларускага спорту і як у Беларусі праходзіць прэзідэнцкая гонка - падрабязнасці ў нашым матэрыяле.
Пра "даўжок" і падарункі для народа
Адразу ж пасля прыбыцця ў парк Прэзідэнт нагадаў старшыні Мінскага гарвыканкама Уладзіміру Кухараву і ўпаўнаважанаму кіраўніка дзяржавы па горадзе Мінску, старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай пра "даўжок". У першую чаргу, падкрэсліў ён, неабходна завяршыць работы на "Мотавелазаводзе", на тэрыторыі якога вось-вось з'явіцца гарадскі тэхнапарк.
"Гэта вельмі важна. Таму што сацыяльныя аб'екты - гэта добра, але патрэбны вытворчасці - грошы зарабляць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Як далажылі кіраўніку дзяржавы, работы вядуцца з апярэджаннем графіка, на заводскай пляцоўцы, дзе свае вытворчасці размясцілі амаль сто рэзідэнтаў, ужо ідзе ўстаноўка абсталявання. У пачатку 2025 года аб'ект будзе гатовы, а паказаць яго Прэзідэнту гатовы яшчэ раней.
"Давайце дамовімся, што мы іх крыху падштурхнём, каб яны хутчэй наладжвалі сваё абсталяванне. І недзе да выбараў народу падорым. Думаю, у студзені мы справімся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама, паводле яго слоў, у бліжэйшыя месяцы неабходна завяршыць будаўніцтва завода па вытворчасці аўтобусаў МАЗ і нацыянальнага выставачнага цэнтра. "Размова ішла аб тым, каб прымеркаваць яго адкрыццё да Усебеларускага народнага сходу. Але паглядзім. Трэба зрабіць яго дастойна. Падвядзём вынікі па якасці - лепшыя тавары, прадукцыю выставім там", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Пра парк для народа
Парк імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка - другі па велічыні ў беларускай сталіцы (агульная плошча 68 га). Большы за яго толькі парк Перамогі - яго плошча 110 га.
"Даўні-даўні парк. Я пастаянна міма ездзіў, шмат разоў заязджаў сюды і на стадыён", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Даўні-даўні парк. Я пастаянна міма ездзіў, шмат разоў заязджаў сюды і на стадыён", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У парку знаходзіцца стадыён "Трактар", а побач ужо фактычна пабудаваны нацыянальны футбольны стадыён. "Дзякуй Кітаю, Сі Цзіньпіну за гэты падарунак. Хоць вельмі дарагі падарунак", - заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт нагадаў, што стадыён "Трактар" вырашылі не зносіць, а прывесці ў парадак. Ён будзе выкарыстоўвацца як трэніровачнае поле і пляцоўка для беларускага чэмпіянату.
"Але галоўнае - гэта парк. Гэта парк даўні, для народа пабудаваны. Народны парк, добры парк", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Мы яго поўнасцю прывялі ў парадак. Пакрыццё зрабілі цвёрдае, асвятленне цалкам абнавілі. Людзі прыходзяць, задаволены. Людзей вельмі шмат. І дзяцей шмат: зрабілі дзіцячыя пляцоўкі. Тут жылыя раёны і справа, і злева. Усе прыходзяць сюды, таму што тут больш няма такой лакацыі", - расказаў Уладзімір Кухараў.
"А чаму не прыходзіць, вельмі зручна тут. Толькі трэба, каб парадак тут быў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт ставіцца да гэтых аб'ектаў з асаблівай увагай не проста так. Па-першае, як ужо заўважыў кіраўнік дзяржавы, у іх вялікая гісторыя. Па-другое, у рэканструкцыю было ўкладзена нямала сродкаў. Мінск пастаянна абнаўляецца і прыгажэе, але ўсё гэта патрабуе вялікіх грошай.
"Кошт усіх работ (тут былі і пазабюджэтныя сродкі: мы прыцягвалі арганізацыі і прадпрыемствы) склаў амаль два з паловай мільёны", - адзначыў старшыня Мінскага гарвыканкама.
Парк імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка быў рэканструяваны ў гэтым годзе. Як праінфармавалі Прэзідэнта, асаблівая ўвага пры абнаўленні парку звярталася на наяўнасць пляцовак для дзяцей і фізкультурна-аздараўленчыя аб'екты: пляцоўкі для валейбола і міні-футбола, стрытбола і варкаўта, для скейтбордынга і заняткаў на вулічных трэнажорах.
Акрамя стадыёна, у парку размешчаны яшчэ адзін спартыўны аб'ект - Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву па спартыўнай гімнастыцы і акрабатыцы галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама. Тут Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з юнымі гімнастамі і трэнерамі. "Нам патрэбны вынікі. Усё залежыць ад трэнера. Няма выніку - трэба развітвацца і маладых рухаць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Пра футбольныя перспектывы
Заходзячы на стадыён, Прэзідэнт перш за ўсё звярнуўся да старшыні асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Мікалая Шарснёва з адзіным пытаннем: "Калі, Мікалай Мікалаевіч? Калі? Адно да цябе пытанне".
Кіраўніка дзяржавы, як і многіх балельшчыкаў па ўсёй краіне, цікавіла перш за ўсё, калі ж беларускія футбалісты пачнуць дэманстраваць высокі ўзровень гульні. На гэта старшыня асацыяцыі адказаў, што, напрыклад, жаночая зборная Беларусі прайшла кваліфікацыйны адбор на Еўра-2025 без адзінага пройгрышу. А мужчынская каманда ў Лізе нацый УЕФА ўступае толькі адно ачко ў сваёй групе Паўночнай Ірландыі.
"Цяпер ты пра пляжны футбол скажаш..." - парыраваў на гэта Прэзідэнт. Але Мікалай Шарснёў растлумачыў, што гэта ўжо сфера адказнасці іншай федэрацыі.
Аднак Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб усе былі ў адной структуры. "Глядзіце, каб гэта ўсё было разам. Няма чаго тут дзяліць", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы і прывёў у прыклад Расію, дзе па ініцыятыве Прэзідэнта Уладзіміра Пуціна аб'ядналі многія віды спорту ў адзіныя федэрацыі. "Велізарная Расія! І паказчыкі ў іх якія. Тут таксама нам трэба паглядзець без усялякіх асабістых амбіцый, каб у нас адзіны кулак быў", - паставіў задачу беларускі лідар.
Адзначыўшы наяўнасць у краіне добрых умоў для заняткаў рознымі відамі спорту, у тым ліку і футболам, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на недастатковую фізічную падрыхтоўку айчынных футбалістаў. У сувязі з гэтым Прэзідэнт спытаў старшыню асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Мікалая Шарснёва, што робіцца для вырашэння гэтай праблемы. Той растлумачыў, што адпаведная работа вядзецца, і перш за ўсё яна арганізавана на ўзроўні дзіцяча-юнацкага спорту.
"Ужо з гэтага года мы поўнасцю аднавілі сістэму падрыхтоўкі, пачынаючы ад 7 гадоў. У нас на сённяшні дзень ужо сфарміраваны чэмпіянаты рэспубліканскага ўзроўню з 9-10 гадоў, 11-12 і 13-14 гадоў, і гэты чэмпіянат праходзіць ужо, гэта значыць, у дзіцячым футболе сфарміравана аснова для падрыхтоўкі, - сказаў ён. - Далей - гэта ўзровень трэнерскай работы, каб нагрузкі былі. Таму што калі ў дзяцінстве не сфарміруеш скорасныя, тэхнічныя якасці, вынослівасць, то потым складана пра нешта гаварыць".
Пра будучыню спартыўнага Мінска
Пра будучыню спартыўнага Мінска
На стадыёне кіраўніку дзяржавы далажылі аб добраўпарадкаванні Мінска ў цэлым і развіцці ў горадзе спартыўнай інфраструктуры. Паводле слоў Уладзіміра Кухарава, у горадзе ствараюцца ўмовы, каб яго жыхары маглі займацца фізкультурай і спортам. У прыватнасці, добраўпарадкоўваюцца паркі і зялёныя зоны, дзе можна з карысцю для здароўя адпачываць і бавіць час. За апошнія два гады завершана будаўніцтва трох паркаў: парку Уга Чавеса ў Каменнай горцы, парку імя М.Я.Паўлава ў Маскоўскім раёне (каля студэнцкай вёскі) і яблыневага сквера каля Першага нацыянальнага гандлёвага дома.
Акрамя таго, да нядаўняга часу ў Мінску заставалася даволі шмат лакальных зялёных зон, якія не былі добраўпарадкаваны. Адміністрацыі раёнаў сталіцы ўзяліся за вырашэнне гэтага пытання і штогод прыводзілі ў парадак па некалькі такіх пляцовак. У выніку за тры гады ўжо зроблены 64 зоны адпачынку ў Мінску, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў жыхароў і гасцей сталіцы. "Вельмі дастойна", - ацаніў кіраўнік дзяржавы.
Размова таксама ішла аб далейшым развіцці ў горадзе сеткі веладарожак. Цяпер, паводле слоў старшыні гарвыканкама, у Мінску 293 км веладарожак. За наступную пяцігодку плануецца яе павялічыць яшчэ на 85 км. Такім чынам, агульная сетка перасягне 380 км, што дасць магчымасць з любога мікрараёна на веласіпедзе дабрацца да любой кропкі ў горадзе. "Гэта важна. Мы мотавелазавод захавалі, развіваем. Вось веласіпеды - перамяшчайцеся", - заўважыў Прэзідэнт.
У будучым у Мінску плануецца прадаўжаць добраўпарадкаванне дваровых спартыўных пляцовак. Цяпер іх налічваецца 344, з якіх за апошнія тры гады былі поўнасцю прыведзены ў парадак 255. У 2025 годзе гэту работу плануецца завяршыць.
Акрамя таго, за два папярэднія гады ў кожным раёне Мінска арганізаваны лыжныя трасы са штучным снегам. "У мінулым годзе ўжо ўсе дзевяць пляцовак былі забяспечаны снегам, і людзі займаліся", - растлумачыў Уладзімір Кухараў, дадаўшы, што акрамя гэтага ў сталіцы працуюць яшчэ чатыры лыжаролерныя трасы.
Паводле слоў старшыні Мінгарвыканкама, для жыхароў сталіцы адкрыты таксама ўсе школьныя стадыёны горада (яны ёсць у кожнай з 245 мінскіх школ), іх можна наведваць да позняга вечара. "Дзеці павінны бацькоў весці туды", - арыентаваў кіраўнік дзяржавы.
Дадатковыя магчымасці для заняткаў рознымі відамі спорту ёсць і на гарадскіх аб'ектах. Напрыклад, у падтрыбунных памяшканнях стадыёна "Дынама" абсталяваны цір і скаладром. На вул. Жудро ўведзены ў строй тэнісныя корты.
"Быў крыху даўгабуд. Але ўсё там прывялі ў парадак, восем кортаў: чатыры са штучным (пакрыццём. - Заўвага БЕЛТА) і чатыры з земляным", - далажыў старшыня Мінгарвыканкама. У сувязі з гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, каб наведванне гэтага аб'екта пры захаванні яго даступнасці не было бязвыплатным, паколькі ў Беларусі затрачваюцца значныя бюджэтныя сродкі на падрыхтоўку спартсменаў, у тым ліку тэнісістаў, на стварэнне спартыўнай інфраструктуры, забеспячэнне выкладчыцка-трэнерскага складу і гэтак далей. "Мільянерамі становяцца тэнісісты за бясплатна. А ніхто не дапамагае практычна... Таму хочаш гуляць - плаці. Або дагавор (заключай. - Заўвага БЕЛТА). Стаў багатым - унось уклад", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.
Як было даложана, у Мінску добраўпарадкаваны дзевяць міжшкольных стадыёнаў (у кожным раёне горада), дзе ёсць футбольнае поле са штучным пакрыццём, лёгкаатлетычныя дарожкі і спартыўныя трэнажоры. "Футбалісты ўсё крыўдзіліся: вось хакейныя пляцоўкі і іншае, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліўшы, што ў кожным раёне Мінска створаны магчымасці для заняткаў футболам. - Ідзі - гуляй".
У наступным годзе плануецца ўвесці ў строй два фізкультурна-аздараўленчыя комплексы - у Каменнай горцы і Лошыцы. Таксама завяршаецца рэканструкцыя спарткомплексу "Дынама" на вул. Даўмана, увесці яго ў эксплуатацыю плануецца ў 2025 годзе.
Акрамя таго, прынята рашэнне зрабіць у лясным масіве "Мядзвежына" лыжаролерную трасу працягласцю 2,5 км і з цірам для біятланістаў. Гэты праект, паводле слоў Уладзіміра Кухарава, абмяркоўваўся разам з Дар'яй Домрачавай.
На стадыёне Прэзідэнта чакаў невялікі сюрпрыз: міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук паказаў архіўныя фатаграфіі з кіраўніком дзяржавы. На адных - Аляксандр Лукашэнка падчас гульні на стадыёне "Трактар" і каманда-сапернік, на другіх - папярэдні візіт Прэзідэнта на гэты спартыўны аб'ект.
На полі Аляксандр Лукашэнка таксама паразмаўляў з трэнерамі і юнымі футбалісткамі клуба "Мінск". Ён расказаў, як у свой час займаўся гэтым відам спорту і як у адной з гульняў траўміраваў калена, а спартсменкі ў сваю чаргу папрасілі кіраўніка дзяржавы пакінуць аўтограф на мячы - цяпер ён зойме пачэснае месца ў музеі клуба.
Пра студэнцкія атрады і канёк БРСМ
У рэканструкцыі стадыёна "Трактар" удзельнічала 11 зводных студэнцкіх будатрадаў, гэта прыкладна 200 маладых чалавек. Работы вяліся на працягу двух гадоў.
Прэзідэнт адзначыў, што вопыт работы ў будатрадзе застаецца на ўсё жыццё. Аляксандр Лукашэнка і сам у свой час быў байцом будатрада, і ўспаміны аб гэтым у яго засталіся толькі самыя станоўчыя, хоць работа была няпростай. "Гэта зусім іншы студэнт, калі ён пабыў у будатрадзе. Зусім іншы", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
"У вас будатрадаўскі рух - гэта ваш канёк, можна сказаць. Гэта бясспрэчна. І вось так трэба падцягваць тыя напрамкі, якія вы можаце асвоіць і якія патрэбны людзям", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама згадаў дабрачынны і валанцёрскі рух БРСМ, дапамогу пажылым людзям. "Добрая справа, - падкрэсліў ён. - І вось на сябе трэба браць гэтыя напрамкі і іх развіваць - тое, што трэба людзям. Гэта аснова".
Студэнты запрасілі кіраўніка дзяржавы на Усебеларускі злёт будатрадаў, які пройдзе ў снежні гэтага года. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сустрэчы з байцамі будатрадаў для яго як бальзам на сэрца, паколькі гэта дае магчымасць успомніць сваё студэнцкае жыццё. Разам з тым Прэзідэнт папярэдзіў, што не можа паабяцаць, што абавязкова наведае гэта мерапрыемства: канец года і загружанасць цяпер вялікая. "Калі атрымаецца, я з задавальненнем зазірну ў вашу сям'ю", - сказаў ён.
Яшчэ адзін цікавы напрамак у БРСМ - маладзёжныя атрады аховы правапарадку. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў развіццё гэтай ініцыятывы: "Гэта вельмі правільна. Парадак на вуліцах мы павінны наводзіць самі, вы самі. Нам трэба захаваць і нават узмацніць той парадак, які ў нас ёсць. Яшчэ раз гавару: гэта для вас і вашых дзяцей. Асабліва для дзяцей. Вось іншаземцы прыязджаюць да нас: слухайце, ды ў Беларусі можна дзіця ў парк адвезці, адпусціць, і ніхто яго там не пакрыўдзіць. Гэта дарагога каштуе. Гэта нятанна".
Пра кропкі росту ў беларускім спорце
Пра кропкі росту ў беларускім спорце
У час размовы з актывістамі БРСМ кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што беларускім футбалістам не хапае фізічнай падрыхтоўкі. "Уся праблема ў нас - гэта фізічны стан спартсменаў. Яны фізічна не гатовы па асобных відах спорту на самым высокім узроўні выступаць. Па футболе яны не могуць бегчы з першай да апошняй хвіліны. Яны не могуць бегаць на высокім тэмпе 90 хвілін. А тут яшчэ і думаць трэба. Футбол стаў вельмі хуткім", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, кропкамі росту для беларускага спорту з'яўляюцца маленькія спартыўныя пляцоўкі, дзе займаюцца дзеці. Менавіта там трэнеры павінны своечасова заўважыць перспектыўнага спартсмена і прывесці яго ў сваю секцыю. "У нас ужо гэтых пляцовак мноства. Але галоўнае - зацікавіць дзяцей. Трэба пачынаць працаваць са школы, з 6-7 гадоў. А па некаторых відах, як мастацкая гімнастыка, дык і ў тры гады, - заўважыў Прэзідэнт. - Калі ўпусціў, гадоў 10-15 - ужо складана будзе. Можна, але складана".
Маладыя людзі пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы, якія ў яго былі самыя яркія ўражанні падчас заняткаў футболам. Прэзідэнт расказаў, што ў школьныя гады ў футбол гулялі на вясковым полі. Прычым захапляліся ім усе дзеці ў вёсцы, а іх было нямала. Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў займацца футболам і ў студэнцкія гады.
"Але ў мяне вось гэта засталося - гэта вясковая закваска. Я тады шмат бегаў, займаўся спортам. Хацеў быць футбалістам. Але потым траўміраваў калена, і я перайшоў у хакей, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Футболам рэкамендую займацца, але не рэкамендую бегаць па асфальце, таму што з цягам часу гэта заўсёды вылазіць бокам. А самае, кажуць, лепшае - гэта веласіпед і плаванне. Я ненавіджу плаванне, таму што гэта вельмі нудная справа. А веласіпед - з задавальненнем".
Пра электаральную гонку
Пра электаральную гонку
У час наведвання стадыёна Аляксандр Лукашэнка таксама паразмаўляў і з журналістамі. У першую чаргу яны пацікавіліся ў Прэзідэнта ходам выбарчай кампаніі.
"Мяне ўчора інфармавалі, што на сённяшні момант больш за 700 тысяч подпісаў сабрана. Недзе так", - расказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што пакуль у яго не было часу ўважліва сачыць за выбарчай кампаніяй, паколькі ў канцы года назбіралася дастаткова спраў, было шмат паездак як па краіне, так і за мяжу. Акрамя таго, неабходна было яшчэ пракантраляваць завяршэнне ўборачнай кампаніі.
"Людзей трэба накарміць. У нас сёння ёсць усё і нават больш за тое, што мы чакалі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Аграрыі адзначаюць свята сваё святое. Дзякуй ім вялікі. Я нездарма паехаў па "Дажынках" - для таго, каб падзякаваць людзям і паглядзець зверху, як яны выконваюць мае даручэнні, асабліва як аруць глебу, паднімаюць зябліва. Гэта асноўная работа, якая ў нас засталася".
Вяртаючыся да пытанняў выбарчай кампаніі, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што прапаноўваў ужо завяршыць збор подпісаў у падтрымку сваёй кандыдатуры. Аднак кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой адзначыў, што людзям трэба даць магчымасць падтрымаць свайго лідара.
"Мы не нагнятаем абстаноўку. Я запланаваў перагаварыць з кіраўніцтвам ініцыятыўнай групы, падзякаваць ім на першым этапе. І пагаварыць, як мы далей будзем рухацца. Галоўнае, каб "альтэрнатыўшчыкі" таксама збіралі свае подпісы. Але, як мне дакладваюць, людзі не вельмі ідуць на тое, каб ставіць подпіс за іншага кандыдата. Мяне гэта радуе і вельмі сур'ёзна напружвае: для мяне самае страшнае - гэта давер людзей, - заявіў Прэзідэнт. - І людзі пасля 2020 года паглядзелі і думаюць: мы краіну можам страціць, давайце будзем цаніць тое, што ёсць. І вось, зыходзячы з гэтага, ідуць, але не вельмі на подпісы за іншых".
Кіраўнік дзяржавы закрануў і выхад з прэзідэнцкай гонкі Вольгі Чамаданавай і Сяргея Бобрыкава.
"Я быў прыхільнікам, каб усе партыі, буйныя грамадскія арганізацыі вылучалі сваіх кандыдатаў. Вылучылі: Оля Чамаданава ў нас была і Бобрыкаў. Ну, нармальныя людзі. Вядома, яны прыхільнікі Прэзідэнта. І яны ішлі: "Мы ведаем, што Прэзідэнт выйграе, але мы не дадзім яго пакрыўдзіць". Як быццам мяне нехта мог пакрыўдзіць. А потым паглядзелі, паглядзелі: унутры арганізацый не вельмі гэта разумеюць (іх вылучэнне. - Заўвага БЕЛТА). І яны: "Лепш мы здымемся". Ну, як мяне праінфармавалі. Я толькі ўчора даведаўся, што яны зняліся з гэтай дыстанцыі. Будзем разам змагацца за той курс, які мы даўно вызначылі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Няма ніякага страху, што будуць удзельнічаць усе, хто захоча. Мы больш не дадзім магчымасці краіну ні нахіліць, ні на калені, не дай бог, паставіць, ні разбурыць. Гэта выключана, як бы камусьці гэтага ні хацелася", - дадаў Прэзідэнт.
Пра прэзідэнцкія якасці
Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне, ці можа жанчына быць кіраўніком дзяржавы, нагадаў: "Я ж вам гаварыў, Прэзідэнтам не становяцца - Прэзідэнтам нараджаюцца".
"У чалавека ад прыроды павінны быць фундаментальныя якасці, якія яму спатрэбяцца як Прэзідэнту, - растлумачыў беларускі лідар. - Іх шмат. Можа, адна, дзве, а могуць быць і ўсе. Гэта вельмі важна".
Каб праілюстраваць свае словы, Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да прыкладу ЗША і выбараў, якія там нядаўна прайшлі, дзе на пасаду Прэзідэнта балаціравалася жанчына. Метады правядзення электаральнай кампаніі там зусім іншыя. У прыватнасці, былі вельмі рэзкія, нават зняважлівыя выказванні ў адрас жанчыны-кандыдата. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што калі б у Беларусі нехта дазволіў сабе нешта падобнае, то страціў бы значную частку электарату.
"Але для амерыканскага грамадства гэта, напэўна, нармальна. Яны правялі свае выбары. Памятаеце, я яшчэ да выбараў сказаў: чарнаскурага Амерыка гатова выбраць (там быў чарнаскуры Прэзідэнт), жанчыну Прэзідэнтам Амерыка, мабыць, не гатова яшчэ выбіраць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
На яго думку, Камала Харыс прайграла выбары ў значнай ступені з-за рашэнняў дэмакратычнай партыі і Джо Байдэна. "Яны гэта разумелі, і не трэба было падстаўляць Камалу. Яна што магла, тое зрабіла - вяла прапаганду, агітацыю, цярпела ўсялякія здзекі, рухала дэмакратычную партыю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён лічыць, што дэмакратычная партыя магла вылучыць на выбары іншых, больш моцных кандыдатаў. "Дэмпартыя мела добрых кандыдатаў, яны маглі вылучыць, і Трамп мог бы не справіцца", - заўважыў ён.
Але цяпер, калі вынікі выбараў у ЗША і імя пераможца прэзідэнцкай гонкі ўжо вядомы, важна, каб Дональд Трамп выканаў свае перадвыбарныя абяцанні, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "У Амерыцы гэта проста - паабяцаць і не выканаць. Гэта ўсюды цяпер, але ў іх тым больш. Але ён усё ж такі вопытны чалавек, бульдозер гэты. Упрэцца і... Толькі каб горш не было ўсяму свету. Таму што вядучая эканоміка, вядучая краіна, манапаліст, можна сказаць, ва ўсіх адносінах, у палітыцы ў тым ліку. Каб не панесла. У Дональда гэта ёсць - яго можа панесці. Вельмі хацелася б, каб ён зрабіў Амерыку вялікай не на шкоду нам, не на шкоду ўсяму свету, і не сутыкнуўся там з Расіяй, з Кітаем і з усімі разам. Трэба вельмі акуратна. Думаю, што першы той тэрмін (прэзідэнцтва Трампа. - Заўвага БЕЛТА) яго гэтаму навучыў", - сказаў беларускі лідар.
Вяртаючыся да тэмы магчымага выбрання жанчыны на пасаду Прэзідэнта ў Беларусі, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што гэта вельмі цяжкі від дзейнасці, які прадугледжвае не толькі прадстаўнічыя або пратакольныя функцыі. Напрыклад, у Беларусі Прэзідэнт з'яўляецца дзеючым галоўнакамандуючым. "У Прэзідэнта ЗША не тыя паўнамоцтвы, што ў расійскага ці беларускага Прэзідэнта. Тут трэба ўнікаць ва ўсё: і накарміць, і напаіць... Гэта вельмі цяжкая работа, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Не трэба грузіць так жанчыну. У нас не цырыманіяльная гэта пасада".
"Можа, з часам мы таксама падыдзем да такога стылю (як у ЗША. - Заўвага БЕЛТА). Але пакуль ён іншы. Гэта не жаночы стыль. Жанчына яшчэ і жанчынай павінна быць, - прадоўжыў беларускі лідар. - Таму жанчыну нельга абцяжарваць такімі паўнамоцтвамі, такімі абавязкамі. Пакуль у Беларусі ёсць жаночыя прэзідэнты - няхай будуць мужыкі, навошта жанчын абцяжарваць?"
"Не трэба перакладваць нашы абавязкі на жанчын. Я схіляюся перад жанчынамі, ніколькі не прыніжаючы іх ролю. Але яны павінны быць побач, каб мы маглі абаперціся на моцнае плячо, як у нас звычайна бывае", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Пра сітуацыю ў Еўропе і еўрапейскіх палітыкаў
Журналісты таксама пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы яго меркаваннем наконт сітуацыі ў Еўропе: ці здольны ЕС быць незалежным ад Злучаных Штатаў і развіваць адносіны з Расіяй?
"Можа. Калі там "трампы" з'явяцца, можа быць. А так там няма каму. Вы ж паглядзіце. Не хачу характарызаваць іх: гэта нядобра. Праўда, сёння амерыканцы пачалі ўжо аб Шольца ногі выціраць: што ён палітычна "лёгкай вагі" і іншае. Барані бог, я не хачу так гаварыць. Гэта сын свайго народа: што немцы заслужылі, каго выбралі, з тым няхай і працуюць. Няма людзей. Усе піярацца, а прыняць рашэнне і дзейнічаць - не. Але яны прыйдуць да гэтага. З'явяцца дэ Голі, з'явяцца, - перакананы Аляксандр Лукашэнка. - І Коль таксама з'явіцца, Шырак быў - мужык сапраўдны, за народ. Цяпер такіх няма, усе дрыжаць".
"А чаго дрыжаць: танныя рэсурсы ў Расіі, тэхналогіі ў Германіі. А цяпер аўтапрам і авія - ужо ўсё развальваецца. Вось да чаго давялі Еўропу, замест таго, каб быць разам. Таму трэба прымаць рашэнні і рухацца ў гэтым напрамку. Еўропа для гэтага саспела. Еўропе патрэбны сапраўдныя лідары, якія будуць прымаць рашэнні і дзейнічаць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, да гэтага гатова і Расія. "Навошта нам - беларусам, расіянам - сварыцца з імі? Перагарнулі старонку Другой сусветнай вайны, Вялікай Айчыннай вайны: мільёны людзей загінулі. Трэба было рухацца наперад - не, пабеглі за амерыканцамі. А тыя думаюць, што адседзяцца там. Ды ўжо не адседзяцца. Таму складаная тут карціна такая, палітра сур'ёзная. Але ўсё рухаецца да гэтага. Проста трэба крыху цярпення, патрэбны час", - падагульніў беларускі лідар.
Прыклад сучаснага еўрапейскага палітыка (не ў лепшым сэнсе гэтага слова) - Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Узяць хаця б яго дэмарш на кліматычным саміце ў Баку.
"Адзін еўрапеец (калі б мне не расказаў Рыжанкоў, я не ведаў бы) адмовіўся фатаграфавацца ("сямейнае фота" на саміце ў Баку), таму што там ёсць Лукашэнка. Ніхто гэта нават не заўважыў. Я там стаяў спакойна. Падышоў пакістанскі прэм'ер, многія падышлі, прывіталіся з павагай. Ну, як сям'я. Ніхто не заўважыў, што яго няма. Бачыць ён, што яго не заўважылі, і ён пачаў піярыцца, што не пайшоў фатаграфавацца. Ну і не хадзі. Госпадзі, хто цябе там чакаў!" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся і пра выступленне польскага Прэзідэнта на саміце: Анджэй Дуда расказваў, як Польшча беражэ жывёльны і раслінны свет, але ні разу не згадаў, як яго краіна пабудавала агароджу ў Белавежскай пушчы, з-за чаго там цяпер гінуць звяры. "Яны ж жах што вытвараюць! Яны выразалі гэту Белавежскую пушчу, а ён пра расліны расказвае. Я ўжо не стаў яго там чапляць, хоць сабе пазначыў тэзісы. Думаю: ну нельга так", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Падобная сітуацыя, паводле яго слоў, склалася і на папярэднім кліматычным саміце ў Дубаі. Лідары сусветных дзяржаў з высокай трыбуны заклапочана выказваліся па парадку дня, але да рэальных дзеянняў яны не гатовы. "Заканамернае пытанне: дзе вы? Амерыканцы: зайшлі - выйшлі. Як прахадны двор. І ўсе робім выгляд, што ўсё добра. А аанаўцы… Для чаго, для птушачкі правялі гэта мерапрыемства: "Ах, мы сабраліся, прадстаўнікі 200 дзяржаў". І што? Бог іх пакарае. Мы павінны берагчы сваю прыроду", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.
У прыклад кіраўнік дзяржавы прывёў добраўпарадкаванне сталічных паркаў, у тым ліку парку культуры і адпачынку імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка і парку Перамогі. "Зрабілі карцінку. Усе паркі аднавілі. Вось наш стыль і наша жыццё, і ад яго нельга адыходзіць", - рэзюмаваў беларускі лідар.-0-