14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада азнаёміўся з інфраструктурай сталічнага парку культуры і адпачынку імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адразу ж пасля прыбыцця ў парк Прэзідэнт нагадаў сталічным уладам пра "даўжок". У першую чаргу, падкрэсліў ён, неабходна завяршыць работы на "Мотавелазаводзе". "Гэта вельмі важна. Таму што сацыяльныя аб'екты - гэта добра, але патрэбны вытворчасці - грошы зарабляць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Цяпер на заводзе ідзе ўстаноўка абсталявання, у пачатку 2025 года аб'ект будзе гатовы, далажылі кіраўніку дзяржавы.
"Давайце дамовімся, што мы іх крыху падштурхнём, каб яны хутчэй наладжвалі абсталяванне. І недзе да выбараў народу падорым. Думаю, у студзені мы справімся", - сказаў Прэзідэнт.
Таксама, паводле яго слоў, у бліжэйшыя месяцы неабходна завяршыць будаўніцтва завода па вытворчасці аўтобусаў "МАЗ" і нацыянальнага выставачнага цэнтра. "Трэба зрабіць яго дастойна. Па выніках года падвядзём вынікі па якасці. Лепшыя тавары выставім там", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Парк імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка - другі па велічыні ў беларускай сталіцы. Большы за яго толькі парк Перамогі, які размясціўся недалёка ад Камсамольскага возера.
"Даўні-даўні парк. Я пастаянна міма ездзіў, шмат разоў заязджаў сюды і на стадыён, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта парк даўні, для народа пабудаваны. Народны парк, добры парк".
"Людзі прыходзяць, задаволены. Зрабілі дзіцячыя пляцоўкі", - адзначыў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.
"А чаму не прыходзіць, зручна тут. Гэта для народа, народны парк", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
У парку знаходзіцца стадыён "Трактар", а побач ужо фактычна пабудаваны нацыянальны футбольны стадыён. "Дзякуй Кітаю, Сі Цзіньпіну за гэты падарунак. Хоць вельмі дарагі падарунак", - заявіў беларускі лідар.
Стадыён "Трактар" будзе выкарыстоўвацца як трэніровачнае поле і пляцоўка для беларускага чэмпіянату.
Дарэчы, сёння, 14 лістапада, якраз першы дзень функцыянавання абноўленага стадыёна і парку. Аляксандр Лукашэнка ставіцца да гэтых аб'ектаў з асаблівай увагай. Па-першае, як ужо заўважыў Прэзідэнт, у іх вялікая гісторыя і будаваліся ў свой час яны як падарунак для народа. Па-другое, у рэканструкцыю было ўкладзена нямала сродкаў. Так, Мінск пастаянна абнаўляецца і прыгажэе, але ўсё гэта патрабуе вялікіх грошай.
Парк імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка быў рэканструяваны ў гэтым годзе. Асаблівая ўвага пры абнаўленні парку звярталася на фізкультурна-аздараўленчыя аб'екты: пляцоўкі для валейбола і міні-футбола, стрытбола і варкаўта, для скейтбордынга і заняткаў на вулічных трэнажорах.
Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з размешчанай у парку Спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школай алімпійскага рэзерву па спартыўнай гімнастыцы і акрабатыцы галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб добраўпарадкаванні Мінска ў цэлым і развіцці ў горадзе спартыўнай інфраструктуры.
А на стадыёне Прэзідэнт паразмаўляў з юнымі футбалістамі клуба "Мінск". Аляксандр Лукашэнка расказаў, як у свой час займаўся гэтым відам спорту, а яны ў сваю чаргу папрасілі кіраўніка дзяржавы пакінуць аўтограф на мячы - цяпер ён зойме пачэснае месца ў музеі клуба.-0-