5 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перадаў Старшыні КНР Сі Цзіньпіну самыя добрыя пажаданні. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з паслом Кітая ў Беларусі Се Сяаюнам, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў краіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Хачу вас папрасіць, перадайце майму сябру, вельмі блізкаму майму сябру, - Старшыні КНР Сі Цзіньпіну самыя добрыя пажаданні. Здароўя яму, даўгалецця. Асабліва палітычнага. Гэта чалавек, якога ў Беларусі не толькі ведаюць, але і любяць. І я вельмі рады, што ў нас устанавіліся такія добрыя і цёплыя адносіны", - сказаў беларускі лідар.
Ён таксама адзначыў уклад пасла ў развіццё двухбаковых адносін. "Вы можаце прыязджаць у Беларусь без усялякіх віз. Вы ніколі не будзеце госцем. Прыязджайце як у сваю краіну, мы з задавальненнем будзем вас сустракаць. Дзякуй вам вялікі за ўсё тое, што вы зрабілі за час работы паслом у Беларусі", - падзякаваў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што за час работы ў Беларусі Се Сяаюн стаў узорам паводзін пасла ў краіне знаходжання. "Я не мог з вамі не сустрэцца. Перш за ўсё хачу вам выказаць удзячнасць за ўсё тое, што вы зрабілі для нашай краіны. Вы рабілі ўсё для таго, каб умацаваць нашы адносіны з Кітаем, хоць яны і так былі на вельмі высокім узроўні, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Вы вельмі сур'ёзна папрацавалі разам з намі, і мы падпісалі дэкларацыю аб усепагодным усебаковым стратэгічным партнёрстве Беларусі і Кітайскай Народнай Рэспублікі. Гэта вельмі высокі, напэўна, самы высокі ўзровень адносін паміж дзяржавамі, з якімі Кітайская Народная Рэспубліка мае адносіны".
Што датычыцца фундаменту адносін, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гандлёвы абарот паміж Беларуссю і Кітаем складае амаль $8 млрд. Такім чынам, Кітай для Беларусі ў гандлі з'яўляецца другім партнёрам пасля Расіі.-0-