Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 чэрвеня 2024, 11:13

"Галоўная мэта - ісці наперад разам". Лукашэнка акрэсліў перспектывы супрацоўніцтва з Ленінградскай вобласцю

24 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 чэрвеня на сустрэчы з губернатарам Ленінградскай вобласці Аляксандрам Драздзенкам акрэсліў перспектывы супрацоўніцтва з гэтым расійскім рэгіёнам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Адметнасцю нашых сустрэч заўсёды з'яўляецца эфектыўнасць. Усё, аб чым мы дамаўляемся, рэалізоўваецца, як бы цяжка нам ні было. Гэта самае галоўнае, да чаго мы імкнёмся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Два гады таму бакі абмяркоўвалі неабходнасць павелічэння аб'ёмаў узаемнага гандлю да $1 млрд. Па выніках 2024 года, як адзначаюць спецыялісты, гэты рубеж павінен быць пераадолены.

"Думаю, што нам трэба ўжо сёння гаварыць, магчыма, і пра два мільярды. Патокі павінны быць, мы знойдзем такія варыянты. Тым больш будзе і сур'ёзная магчымасць для таго, каб гэты тавараабарот павялічыць. У нас заўсёды былі праблемы з перавозкай грузаў. Мы заняліся нарэшце аднаўленнем чыгунак, якія былі здольныя ў савецкія часы перавальваць у паўтара-два разы больш грузаў. Мы ў бягучым годзе адновім гэтыя дарогі, і не будзе ніякіх праблем па перакідцы грузаў у паўночным напрамку. Тым больш мы пачалі ў вашым рэгіёне будаўніцтва ўласных партоў і ў Мурманску. А без вас туды ніяк не трапіш. Таму я думаю, што мы можам пераадолець гэты двухмільярдны рубеж у наступнай пяцігодцы дакладна. Галоўная наша мэта - ісці наперад разам, нарошчваючы прамысловы і навуковы патэнцыял, і самае галоўнае - умацоўваць тэхналагічны суверэнітэт", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, паўночны напрамак з'яўляецца для Беларусі ключавым: "Мы многае на гэтым напрамку плануем зрабіць і абавязкова гэта рэалізуем, думаю, што з вашай дапамогай і падтрымкай".
"З другога боку, з Ленінградскай вобласцю ў нас заўсёды ішоў жывы дыялог, ёсць шмат новых цікавых праектаў і ідэй, а традыцыйныя напрамкі супрацоўніцтва літаральна за год прыраслі шэрагам перспектыўных напрамкаў", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Аб газіфікацыі

У першую чаргу размова ідзе аб газіфікацыі. У Ленінградскай вобласці плануецца будаўніцтва новых кацельняў, якія працуюць на прыродным газе. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь гатова падключыцца да гэтага глабальнага праекта.

"Мы можам не толькі пастаўляць адпаведнае абсталяванне і будаваць кацельні, але і пракладваць магістральныя газаправоды, падключаць іх да домаўладанняў", - сказаў ён.

Аб развіцці інфраструктуры

"Як мне дакладваюць, вы, выбудоўваючы цэнтралізаванае кіраванне, рэфармуеце сістэму прадпрыемстваў, якія забяспечваюць будаўніцтва і ўтрыманне аўтамабільных дарог. Ад тэхнікі да вопыту, які мы набылі, - мы ў вашым распараджэнні", - прапанаваў Прэзідэнт.
Аб інвестыцыйных праектах

Беларускія кампаніі таксама зацікаўлены прыняць удзел у рэалізацыі буйных інвестпраектаў у Ленінградскай вобласці. Гэта датычыцца перш за ўсё будаўнічых паслуг і паставак будматэрыялаў.

"Яшчэ адзін прыклад нашага паспяховага супрацоўніцтва - Высоцкі збожжавы тэрмінал у Выбаргскім раёне. Праект унікальны. Першая частка рэалізавана вамі. Мне дакладваюць, што да канца бягучага года плануецца выйсці на поўную магутнасць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Нядаўна прайшлі перагаворы з кампаніяй "Паўночнае ўпраўленне будаўніцтва", якая выступае генеральным падрадчыкам па ўзвядзенні энергаблокаў нумар 3 і нумар 4 Ленінградскай АЭС-2. Беларускія спецыялісты пачалі ўжо адпрацоўку пытанняў паставак шырокай наменклатуры будаўнічых матэрыялаў і іншай прадукцыі, расказаў Прэзідэнт.

"Ведаю, што ёсць попыт на ўнікальных будаўнікоў, якія ў нас падрыхтаваны з дапамогай Расійскай Федэрацыі. Мы таксама зоймемся прапрацоўкай гэтага пытання", - паабяцаў кіраўнік дзяржавы.

Аб пастаўках тэхнікі

Аляксандр Лукашэнка нагадаў і аб магчымасцях Беларусі па пастаўках розных відаў машынабудаўнічай прадукцыі.

"У галіне прамысловасці мы зможам паўдзельнічаць у замене кампетэнцый заходніх партнёраў, якія сышлі. І з задавальненнем будзем працаваць з Ленінградскай вобласцю. Гэта вельмі блізкія нам людзі, такія, як беларусы. Таму на нас вы можаце разлічваць", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Драздзенка ў сваю чаргу заявіў, што кожная сустрэча з беларускім лідарам - гэта новы штуршок і новыя планы для развіцця.

"Усё, аб чым вы гаворыце на гэтых сустрэчах, мы рэалізуем. Паслядоўна, крок за крокам", - падкрэсліў губернатар.
Як ужо адзначалася, бакі планавалі па выніках 2023 года дасягнуць ужо тавараабарот у эквіваленце $1 млрд.

"Крыху не хапіла - амаль $935 млн абарот. Але за першыя пяць месяцаў у нас прырост больш як 23 працэнты, г.зн. зразумела, што гэта лічба будзе перасягнута. Мы рэальна бачым, як прырастаюць тэмпы. І што абсалютна правільна - мы ўвесь час пашыраем лінейку супрацоўніцтва", - заявіў Аляксандр Драздзенка.

Напрыклад, Ленінградская вобласць, як і Беларусь, мае моцны АПК, адпаведна, ёсць неабходнасць у пастаўках тэхнікі.

"Дарэчы, мы - адзін з першых рэгіёнаў, хто пачаў датаваць са свайго бюджэту куплю беларускай тэхнікі. Мы трактары датуем на 35 працэнтаў ад кошту, камбайны - на 40 працэнтаў. А калі гэта звязана з агароднінай у адкрытым грунце і з бульбай, мы датуем на 50 працэнтаў. Абсалютна аднолькавыя ўмовы - што для расійскіх пастаўшчыкоў, што для беларускіх", - расказаў губернатар.

Ён таксама адзначыў змяненні структуры куплі тэхнікі. Калі ў мінулым годзе ў агульным аб'ёме закупак беларуская тэхніка займала 21 працэнт, то за пяць месяцаў бягучага года - ужо 33 працэнты.

"Гэта значыць, умовы нармальныя і стабільныя", - зрабіў вывад кіраўнік рэгіёна.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі