Станіслаў Чапурной
2 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Станіслаў Чапурной назначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Туркменістане. Адпаведнае кадравае рашэнне прыняў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Да гэтага часу Станіслаў Чапурной займаў пасаду начальніка ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва і гандлю Апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
"Шчыра скажу: нам трэба супрацоўнічаць з Туркменістанам, як бы складана ні было. Праблемы ёсць на сённяшні дзень. Праблемы і суб'ектыўнага, і аб'ектыўнага характару. Але інтарэс у іх заўсёды (у Туркменістана і кіраўніцтва Туркменістана) быў вельмі вялікі да Беларусі. У нас ёсць усё тое, што ім патрэбна, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Але і ў нас ёсць сур'ёзныя інтарэсы да самога Туркменістана, паколькі яны вельмі зацікаўлены ў тым, што мы можам, асабліва ў тэхналогіях".
Станіслаў Чапурной пасля свайго назначэння ў размове з журналістамі падкрэсліў, што Беларусь і Туркменістан звязвае даўняя дружба, а двухбаковыя адносіны заўсёды будаваліся на прынцыпах узаемнай павагі і партнёрства. "На сённяшні дзень нашы краіны дастаткова эфектыўна ўзаемадзейнічаюць у рамках міжнародных арганізацый. Пасля вымушанай паўзы ў постпандэмійны перыяд аднавілася ўзаемадзеянне ў сферы адукацыі, культуры, спорту. Дзейнічае міжурадавая камісія ў галіне навукі і тэхналогій, - расказаў дыпламат. - Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў неабходнасць развіцця гандлёва-эканамічных адносін з Туркменістанам. Эканомікі нашых краін шмат у чым узаемадапаўняльныя. Ёсць шэраг напрамкаў для супрацоўніцтва, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Гэта перш за ўсё прамысловая, сельскагаспадарчая, транспартная сферы. Цяпер бакі ўзгадняюць тэрміны правядзення чарговага пасяджэння міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, у ходзе якога плануецца прадметна абмеркаваць перспектывы развіцця ўзаемадзеяння".
У цэлым беларускі бок гатовы развіваць усебаковае супрацоўніцтва з Туркменістанам і нацэлены на канструктыўны і плённы дыялог. Тавараабарот па выніках мінулага года склаў амаль $30 млн, але ў былыя гады гэты паказчык быў як мінімум у два разы большы. У гэтым напрамку таксама ёсць над чым працаваць, упэўнены новы пасол.
Станіслаў Чапурной звярнуў увагу на наяўнасць паміж краінамі прамых авіязносін. Праўда, не паміж сталіцамі: "Белавія" ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы з Мінска ў горад Туркменбашы. "Будзем працаваць і на гэтым напрамку, таму што прамыя зносіны - гэта добра, але неабходна зрабіць іх больш частымі і рэгулярнымі. Гэта таксама робіць нас бліжэй, у тым ліку ў гуманітарнай сферы", - адзначыў дыпламат.
Дарэчы, што датычыцца гуманітарнага супрацоўніцтва, то беларуская адукацыя традыцыйна карыстаецца попытам сярод грамадзян Туркменістана. Да пандэмійнага перыяду колькасць студэнтаў з гэтай краіны ў беларускіх ВНУ дасягала 10 тыс. Цяпер гэта колькасць меншая - каля 4 тыс. "Але яна з кожным годам павялічваецца. Будзем працаваць і на гэтым напрамку таксама", - сказаў Станіслаў Чапурной.-0-