15 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь гатова да далейшага развіцця ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных адносін з Іркуцкай вобласцю і рэалізацыі новых сумесных праектаў. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Сяргеем Леўчанкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы гатовы значна павялічыць паказчыкі ва ўзаемным гандлі. І будзем рабіць усё, што ад нас залежыць. Паверце, за намі затрымкі не будзе. Усе дамоўленасці, дасягнутыя вамі ў ходзе гэтага візіту, будуць няўхільна выконвацца. Перакананы, што ваш цяперашні візіт будзе садзейнічаць далейшаму нарошчванню нашага супрацоўніцтва", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Сяргея Леўчанку з мінулым нядаўна днём нараджэння і пажадаў яму здароўя, поспехаў і даўгалецця. "Перакананы, што дзякуючы высокім прафесійным якасцям і кіраўніцкаму вопыту вы і ў далейшым будзеце садзейнічаць усебаковаму супрацоўніцтву паміж вобласцю і Беларуссю", - адзначыў беларускі лідар.
Прэзідэнт канстатаваў, што амаль за два гады, якія прайшлі пасля папярэдняга візіту губернатара ў Беларусь, ранейшыя дамоўленасці атрымалі сваю практычную рэалізацыю, у выніку чаго расце і ўзаемны тавараабарот.
Аб пастаўках тэхнікі
Іркуцкая вобласць - прамыслова развіты рэгіён, у якім сканцэнтраваны прадпрыемствы здабыўной галіны. Традыцыйна там запатрабавана беларуская тэхніка БелАЗ, адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама звярнуў увагу на беларускія аўтобусы, якія пастаўляліся ўжо і выкарыстоўваюцца ў Іркуцкай вобласці. Больш таго, Беларусь можа прапанаваць і новую сучасную, а галоўнае, экалагічную прадукцыю. "Упэўнены, што пры наведванні нашых прадпрыемстваў "Белкамунмаш", "Штадлер Мінск" вы азнаёміліся з іх экалагічна чыстай прадукцыяй. Расія - багатая на вуглевадароды краіна, але свет рухаецца ў напрамку чыстай прадукцыі. І Расія ў гэтым плане не на апошнім месцы", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў яшчэ адзін напрамак супрацоўніцтва - перапрацоўку дзелавой драўніны і рэалізацыю ўзаемавыгадных праектаў у гэтай сферы. "Беларускае прадпрыемства "Амкадор" гатова аснасціць лесапрамыслоўцаў сучаснымі лесанарыхтоўчымі комплексамі. Мы вельмі шырока іх выкарыстоўваем у Беларусі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Яны прайшлі ўжо апрабацыю і ў Расіі, і ў Беларусі, на іншых сусветных рынках. Гэта нядрэнныя машыны".
Беларусь таксама прапануе Іркуцкай вобласці новыя ўзоры сельгасмашын - трактароў, корма- і збожжаўборачных камбайнаў, якія па сваіх тэхнічных характарыстыках і якасці не ўступаюць замежным аналагам, а таксама маюць больш канкурэнтную цану. "Мы можам тут таксама супрацоўнічаць", - прапанаваў Прэзідэнт.
Аб кааперацыі ў прамысловасці
"Мы вельмі разлічваем на доўгатэрміновае развіццё кааперацыйных сувязей паміж беларускімі і іркуцкімі прамысловымі прадпрыемствамі", - заявіў беларускі лідар.
У якасці прыкладу такой паспяховай работы Аляксандр Лукашэнка прывёў стварэнне зборачнага завода "Магілёўліфтмаш-Усолле".
"Флагман расійскага машынабудавання - Іркуцкі авіяцыйны завод - у 2019 годзе плануе пачаць вытворчасць МС-21. Мы вельмі ўважліва прыглядаемся да гэтага самалёта. Нашы авіятары прапанавалі закупляць такія самалёты", - прадоўжыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ў Беларусі глядзяць шырэй на патэнцыяльныя магчымасці супрацоўніцтва. Ён, у прыватнасці, прапанаваў магчымасць кааперацыі з адпаведнымі беларускімі прадпрыемствамі і авіярамонтным заводам, новыя вытворчыя магутнасці якога размясціліся паблізу Нацыянальнага аэрапорта Мінск. "Хацелася б, каб мы, маючы вопыт абслугоўвання тэхнікі савецкага перыяду, маглі перапрафіляваць нашы прадпрыемствы і наш завод (авіярамонтны. - Заўвага БЕЛТА). Можам яго і пашыраць, калі будзе работа для гэтага калектыву. Але мы былі б вельмі зацікаўлены працаваць у кааперацыі з вашым прадпрыемствам", - заявіў беларускі лідар.
Аб узаемадзеянні ў сельскай гаспадарцы
Перспектыўным таксама ўяўляецца супрацоўніцтва з Іркуцкай вобласцю ў сферы сельскай гаспадаркі ў цэлым. "Што датычыцца сельскай гаспадаркі - жывёлагадоўлі, раслінаводства, укаранення перадавых тэхналогій - у нас тут ёсць супрацоўніцтва. Вы павінны ведаць, што мы да вас ставімся, як да блізкіх і родных людзей. Мы заўсёды гатовы падзяліцца ўсім тым, што ў нас ёсць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён дадаў, што паспяховы прыклад супрацоўніцтва ў АПК у Беларусі ёсць нават з Сахалінам. "Калі мы ўжо там змаглі стварыць комплекс з вытворчасцю да 10 тыс. т малака і землі падабралі, якія трэба... Аказваецца, і Сахалін для гэтага падыходзіць. Дык у Іркуцкай вобласці і Бог вялеў", - упэўнены Прэзідэнт.
"Нашы аграрыі валодаюць усім неабходным, пачынаючы ад вучоных і заканчваючы работнікамі вытворчасці. Усім, чым можам, мы гатовы дапамагчы, калі вам гэта патрэбна", - запэўніў кіраўнік дзяржавы.
Аб магчымасцях у будаўнічай сферы
Прэзідэнт адзначыў, што ў Іркуцкай вобласці, як і па ўсёй Расіі, рэалізуецца вялікая жыллёвая праграма. "Вы ў гэты плане малайцы. Інфраструктуру ствараеце, аўтамабільныя дарогі рэканструюеце. Калі мы спатрэбімся вам у гэтым плане, мы з задавальненнем прымем удзел у рэалізацыі тых ці іншых праектаў - ад праектавання да будаўніцтва пад ключ", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, тое ж самае датычыцца і аб'ектаў фізічнай культуры і спорту. "Таксама пад ключ, калі ў гэтым будзе неабходнасць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У студзені-жніўні 2018 года тавараабарот Беларусі з Іркуцкай вобласцю склаў $67,1 млн і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года павялічыўся на 33,4 працэнта. Пры гэтым экспарт павялічыўся ў 2,2 раза, склаўшы $37,7 млн.-0-