3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Ісламскай Рэспубліцы Іран Дзмітрый Кальцоў сустрэўся з першым намеснікам міністра навукі, даследаванняў і тэхналогій Ірана Вахідам Хададам Аслам. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў беларускай загранустанове ў Тэгеране.
Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння ў навукова-тэхналагічнай сферы. Акрамя таго, размова ішла аб рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых у гэтай галіне.
Асаблівая ўвага на перагаворах была ўдзелена ўзгадненню тэрмінаў правядзення восьмага пасяджэння сумеснай беларуска-іранскай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне вышэйшай адукацыі, навукі і тэхналогій.
Рэспубліка Беларусь i Ісламская Рэспубліка Іран устанавілі дыпламатычныя адносіны 18 сакавіка 1993 года. Беларускае пасольства ў Тэгеране было адкрыта 8 сакавіка 1998 года, а пасольства Ірана працуе ў Мінску з лютага 2001 года. Краіны падтрымліваюць высокі ўзровень палітычных кантактаў.
Беларусь і Іран цесна супрацоўнічаюць на міжнародных пляцоўках, аказваючы ўзаемную падтрымку ў міжнародных арганізацыях. Дагаворна-прававая база двухбаковага супрацоўніцтва ахоплівае больш за 30 міждзяржаўных і міжведамасных дакументаў.-0-