Упраўленням і камітэтам Гомельскага аблвыканкама неабходна прыняць вычарпальныя меры для захавання рабочых месц на прадпрыемствах нараўне са стварэннем новых рабочых месц. Такое даручэнне даў 23 кастрычніка на аператыўнай нарадзе ў аблвыканкаме губернатар Уладзімір Дворнік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік рэгіёна даручыў службам аблвыканкама дэталёва прааналізаваць загружанасць прадпрыемстваў, сыравінныя базы. "Там, дзе гэта магчыма, неабходна падумаць аб стварэнні новых вытворчасцей на дзеючых прадпрыемствах. Захаванне рабочых месц, як і стварэнне новых, - адна з прыярытэтных задач і важны фактар сацыяльна-эканамічнага развіцця", - падкрэсліў Уладзімір Дворнік.
Старшыня аблвыканкама чарговы раз акцэнтаваў увагу кіраўнікоў галін на неабходнасці аператыўна прымаць вычарпальныя меры для ўключэння ў эканамічную дзейнасць максімальнай колькасці людзей. "Сітуацыя на рынку працы павінна заставацца пад пастаянным кантролем", - сказаў кіраўнік рэгіёна.
Паводле інфармацыі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, колькасць беспрацоўных у Гомельскай вобласці, якія знаходзяцца на ўліку, на 1 кастрычніка бягучага года склала 4,6 тыс. чалавек і знізілася ў параўнанні з аналагічнай датай мінулага года на 22,9 працэнта. У банку вакансій налічваецца 7,78 тыс. прапаноў, больш за 3,7 тыс. з іх - па рабочых прафесіях. У студзені-верасні на існуючыя вакансіі і створаныя рабочыя месцы працаўладкавана 24,1 тыс. чалавек, у тым ліку 15,8 тыс. беспрацоўных. Каэфіцыент напружанасці на рынку працы рэгіёна знізіўся з 0,9 на 1 кастрычніка 2016 года да 0,6 на 1 кастрычніка бягучага года.
