Падпісаны напярэдадні кіраўніком дзяржавы ўказ нумар 412 "Аб падтрымцы экспарту" будзе садзейнічаць выхаду на знешнія рынкі не толькі флагманаў беларускай эканомікі, але і прадпрыемстваў малога і сярэдняга звяна. Такое меркаванне выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч.
У рэспубліцы сёння існуюць розныя інструменты падтрымкі экспарцёраў як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя. Указ нумар 412 - яшчэ адзін важны дадатак да іх, адзначыў ён. "Гэта, безумоўна, дадатковая падтрымка па прадстаўленні экспарцёраў шырокага кола - не толькі нашых флагманаў, але і прадпрыемстваў сярэдняга звяна і нават індывідуальных прадпрымальнікаў", - лічыць старшыня БелГПП.
"На мой погляд, гэты дакумент дапаможа нашым прадпрыемствам недзяржаўнай формы ўласнасці выйсці на замежныя рынкі і атрымаць сур'ёзную падтрымку, у прыватнасці, па галіновых выстаўках. Сёння іх праводзіцца вялікая колькасць, гэтыя мерапрыемствы збіраюць прадпрыемствы канкрэтных галін, на іх вядзецца больш адрасная работа", - адзначыў Уладзімір Улаховіч.
Не менш значнай будзе і падтрымка экспарцёраў у частцы кампенсацыі расходаў па правядзенні ацэнкі адпаведнасці прадукцыі за мяжой. На яе таксама могуць прэтэндаваць індывідуальныя прадпрымальнікі, якія, паводле слоў Уладзіміра Улаховіча, выпускаюць канкурэнтную прадукцыю, але якіх часта стрымліваюць розныя бар'еры. Фінансавыя ў тым ліку", - прывёў прыклад кіраўнік БелГПП.
У цэлым ён звярнуў увагу на тое, што ўдзел у выстаўках - вельмі важны напрамак развіцця экспарту і знешнеэканамічных сувязей. "Як паказвае практыка, прамы кантакт больш эфектыўны і прыносіць канкрэтныя рэзультаты", - сказаў Уладзімір Улаховіч. Апошнім часам інтарэс прадпрыемстваў да ўдзелу ў выстаўках расце, што "звязана з разуменнем таго, што калі не ездзіць і не прадстаўляць сваю прадукцыю, то не будзе і рэзультату", - растлумачыў ён.
Як паведамлялася, 14 лістапада падпісаны ўказ нумар 412, згодна з якім дзяржава будзе кампенсаваць экспарцёрам да 50 працэнтаў расходаў на замежныя выстаўкі і сертыфікацыю.