Газета "7 дней" знайшла сваю нішу і не стала падобнай на нейкае іншае выданне, адзначыла 8 студзеня міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, віншуючы калектыў рэдакцыі газеты з 25-годдзем з дня выхаду першага нумара, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На думку Ліліі Ананіч, для газеты падабрана вельмі ўдалая назва. "Сем дзён будзе, як кажуць, пры любым надвор'і. І сёння новыя інфармацыйныя тэхналогіі даюць магчымасць газеце, нягледзячы на тое што яна выходзіць раз у тыдзень, быць на сувязі з чытачом штодзень. Сплаў газеты з інфармацыйным агенцтвам вызначае хуткасць размяшчэння на старонках выдання інфармацыі, - падкрэсліла яна. - Сёння на інфармацыйным полі Беларусі тысячы выданняў, больш за 120 тэлеканалаў, інтэрнэт, але 25 тыс. чытачоў выбіраюць менавіта газету "7 дней", і гэта дарагога каштуе".
Міністр падкрэсліла, што словы Прэзідэнта, якія прагучалі 8 студзеня ў адрас калектыву рэдакцыі газеты "7 дней", абавязваюць падымаць творчую, змястоўную і аналітычную планку кожнага друкаванага і электроннага СМІ.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі ў сваю чаргу пажадаў калектыву рэдакцыі газеты захаваць свой стыль. "На працягу доўгіх гадоў вы прадаўжаеце захоўваць лепшыя традыцыі, адказнасць перад чытачамі, краінай і дзяржавай. Ваша друкаванае выданне расце і ідзе ў нагу з часам, у вас ёсць чаму павучыцца іншым выданням", - сказаў Ігар Бузоўскі, звяртаючыся да супрацоўнікаў рэдакцыі.
