Колькасць скаргаў у Адміністрацыю Прэзідэнта і Мінаблвыканкам штоквартальна змяншаецца. Такое меркаванне журналістам выказаў памочнік Прэзідэнта - інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў, які правёў 22 мая прыём грамадзян па асабістых пытаннях у Старых Дарогах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Колькасць скаргаў у Адміністрацыю Прэзідэнта і Мінаблвыканкам змяншаецца штоквартальна. Гэта сведчыць аб тым, што сёння мясцовыя органы ўлады больш якасна разглядаюць звароты грамадзян. А я як прадстаўнік Адміністрацыі Прэзідэнта хачу сам ведаць абстаноўку і бачыць, як на месцах рэагуюць на заявы", - адзначыў Ігар Яўсееў.
Паводле яго слоў, асабісты выезд у раённы цэнтр дае магчымасць сваімі вачыма ўбачыць праблему. "Калі неабходна, я выеду на тую вуліцу, гляну на той дом, наконт якога прыйшоў чалавек, і пагляджу, ці сапраўды ўсё так, як мне расказалі", - падкрэсліў памочнік Прэзідэнта.
На прыём запісаліся 11 чалавек. Аднак Ігар Яўсееў паабяцаў: калі будзе больш людзей, ён застанецца і выслухае. "Па тых пытаннях, у якіх зможам на месцы разабрацца, прымем рашэнне сёння. Тыя, што патрабуюць часу, вазьму на кантроль", - сказаў ён.
У асноўным паступалі пытанні адносна добраўпарадкавання дарог і гарадскіх двароў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, тэрмінаў завяршэння рамонту жылога дома. Не страчваюць актуальнасці зямельныя пытанні. У прыватнасці, да памочніка Прэзідэнта звярталіся наконт адчужэння кватэры ў блакіраваным жылым доме і прадастаўлення ў арэнду ўчастка.
Прыём грамадзян прадаўжаўся некалькі гадзін. Напрыклад, жыхарка Старых Дарог звярнулася да Ігара Яўсеева адносна забеспячэння дровамі яе бацькі - інваліда і ветэрана вайны, які пражывае адзін. Выслухаўшы жанчыну, памочнік Прэзідэнта пастанавіў забяспечыць яе бацьку палівам па льготнай цане.
На прыём у Старыя Дарогі прыехалі і жыхары іншых населеных пунктаў Мінскай вобласці. Так, барысаўчанка звярнулася да Ігара Яўсеева па пытанні добраўпарадкавання дарог у прыватнай забудове ў Барысаве. Ён паабяцаў разабрацца і даць адказ.
У час прыёму таксама абмяркоўваліся прычыны гібелі пчальніка пчол у жыхара Лагойскага раёна, узнімаліся тэмы ўступлення ў спадчыну і пераносу аўтастаянкі каля шматкватэрнага дома. Праблемныя пытанні ўзяты на кантроль.
