Католікі і праваслаўныя ў Беларусі імкнуцца сумесна адказваць на выклікі часу. Такое меркаванне выказаў 28 верасня журналістам Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў іерарха, правядзенне ў Мінску пленарнага пасяджэння Савета канферэнцый каталіцкіх біскупаў Еўропы - гэта перш за ўсё вялікі гонар для Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі. Гэта таксама сведчыць аб тым, што Касцёл настолькі адрадзіўся, умацаваўся і мае дастаткова рэсурсаў, каб правесці пасяджэнне, у якім прымаюць удзел кіраўнікі біскупскіх канферэнцый з 45 краін. "Гэта гордасць для Беларусі, - лічыць мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. - Гэта сведчанне таго, што ў нашай краіне мы атрымалі новыя ўмовы для развіцця каталіцкай царквы".
Тадэвуш Кандрусевіч таксама ўпэўнены: не апошнюю ролю ў тым, што Мінск быў выбраны месцам правядзення пленарнага пасяджэння, адыгралі добрыя адносіны паміж прадстаўнікамі розных канфесій, асабліва паміж каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі. "Мы толькі што вярнуліся са Свята-Духава кафедральнага сабора, дзе Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі і далей прымае біскупаў Еўропы", - заўважыў ён. Паводле слоў Тадэвуша Кандрусевіча, у гісторыі канферэнцыі каталіцкіх біскупаў яшчэ не было такога, каб праваслаўны іерарх такога ўзроўню прымаў усіх еўрапейскіх біскупаў.
Кіраўнік РКЦ у Беларусі таксама лічыць, што з гэтым форумам пачынаецца новая гісторыя ў адносінах паміж каталіцкім касцёлам і праваслаўнай царквой у Беларусі. На яго думку, удзел у мерапрыемствах Савета канферэнцый мітрапаліта Паўла - яшчэ адно пацвярджэнне таму, што католікі і праваслаўныя імкнуцца сумесна адказваць на выклікі часу і вырашаць узнікаючыя праблемы.
