Інтэнсіўнасць двухбаковых кантактаў Беларусі і Германіі істотна ўзрасла. Такі пункт гледжання выказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Германіі Дзяніс Сідарэнка на сустрэчы з беларускай дэлегацыяй на чале са старшынёй Беларускай грамадскай арганізацыі "Пародненыя гарады" Барысам Батурам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дыпламат адзначыў, што гэта сустрэча прысвечана адначасова дзвюм вельмі значным падзеям у беларуска-нямецкім супрацоўніцтве - 10-й канферэнцыі гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Германіі, а таксама першаму афіцыйнаму візіту ў ФРГ дэлегацыі рабочай групы Нацыянальнага сходу Беларусі па супрацоўніцтве з Бундэстагам ФРГ. "Гэта сведчыць аб высокай, узросшай інтэнсіўнасці нашых двухбаковых кантактаў, - сказаў дыпламат.- Пры гэтым у беларускай сталіцы паралельна адкрыўся XVI Мінскі форум, які таксама з'яўляецца важнай пляцоўкай для беларуска-германскага дыялогу".
Дзяніс Сідарэнка асабліва адзначыў той факт, што гэты год стаў беспрэцэдэнтна багатым на падзеі: адбыўся першы ў гісторыі двухбаковых адносін афіцыйны візіт у Беларусь прэзідэнта ФРГ Франка-Вальтэра Штайнмаера, у Мінску прайшла сустрэча Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.
На яго думку, устойлівае развіццё супрацоўніцтва з Германіяй немагчыма без цесных міжпарламенцкіх кантактаў і рознабаковага ўзаемадзеяння на рэгіянальным узроўні. Пасол разлічвае, што гэты візіт членаў рабочай групы Нацыянальнага сходу Беларусі па супрацоўніцтве з парламентам ФРГ надасць дадатковы імпульс парламенцкаму дыялогу.
"Спадзяёмся, што юбілейная канферэнцыя гарадоў-пабрацімаў дзвюх краін у Вітэнбергу будзе таксама садзейнічаць развіццю супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Германіяй, актывізацыі кантактаў паміж людзьмі, фарміраванню надзейных, дружалюбных сувязей,- прадоўжыў Дзяніс Сідарэнка.- Менавіта ў рамках інстытута партнёрства найбольш паспяхова ажыццяўляюцца культурныя, адукацыйныя, спартыўныя, маладзёжныя абмены, ажыццяўляецца гуманітарнае супрацоўніцтва, рэалізуюцца сумесныя праекты па тэматыцы ўстойлівага развіцця і мясцовага самакіравання".
