Дэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканомікі" надасць новы імпульс для росту рэальнага сектара эканомікі. Як паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ФПБ, такое меркаванне выказаў 31 студзеня на сустрэчы з прадстаўнікамі рэгіянальных СМІ старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда.
"Лічбавая эканоміка - сёння гэта значна больш, чым толькі IT-сектар. Падпісанне дэкрэта нумар 8, стварэнне прынцыпова новых умоў для распрацоўкі і ўкаранення самых прагрэсіўных тэхналогій у перспектыве паўплываюць непасрэдна на ўсю вытворчую i працоўную сферу і дадуць новы імпульс развіццю прамысловасці, у цэлым рэальнага сектара эканомікі. Гэта новыя вытворчасці, новая інавацыйная прадукцыя, значнае павышэнне прадукцыйнасці за кошт новых тэхналогій", - адзначыў Міхаіл Орда.
На думку ФПБ, цяпер неабходны комплексны аналіз усіх рызык, звязаных з пераходам на лічбавую эканоміку. У першую чаргу гэта пытанні запатрабаванасці многіх прафесій, а таксама павышэння кваліфікацыі і перанавучання.
Работнікі ва ўсіх сферах павінны быць падрыхтаванымі да работы з новымі тэхналогіямі, упэўнены старшыня ФПБ. На гэтым прафсаюзы засяроджвалі ўвагу не адзін раз. Кожнаму работніку, незалежна ад узросту і прафесіі, трэба рэгулярна павышаць кваліфікацыю і атрымліваць новыя веды. "Кожны наймальнік павінен разумець: калі ён не ўкладвае ў адукацыю і павышэнне кваліфікацыі сваіх работнікаў, будучыні ў яго кампаніі, па сутнасці, няма", - лічыць Міхаіл Орда.
У сувязі з гэтым неабходна сур'ёзнае асэнсаванне ў цэлым сістэмы навучання. У прыватнасці, размова ідзе аб неабходнасці сфарміраваць і ўкараніць у сістэму адукацыі патрабаванні да базавых кампетэнцый па лічбавай эканоміцы для кожнага ўзроўню адукацыі. Патрабуе змяненняў і сістэма атрымання і ацэнкі кваліфікацый. "З гэтай пазіцыяй салідарны і нашы сацыяльныя партнёры. Профільныя ведамствы сумесна з прафсаюзамі працуюць над гэтымі складанымі і актуальнымі пытаннямі", - рэзюмаваў старшыня ФПБ.
