Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
20 сакавіка 2014, 18:34

Мікалай Лазавік: Акрэдытаваныя ў Беларусі замежныя дыпламаты дэманструюць інтарэс да мясцовых выбараў

Выбарчыя ўчасткі 18 сакавіка прынялі першых жадаючых выканаць грамадзянскі абавязак і ўнесці сваю лепту ў фарміраванне будучых мясцовых Саветаў дэпутатаў. Адначасова ў краіне прадаўжаецца агітацыйная кампанія, у больш як 22 тыс. кандыдатаў у дэпутаты яшчэ ёсць час для таго, каб прарэкламаваць сябе выбаршчыкам. Кампанія набліжаецца да сваёй кульмінацыі, на 23 сакавіка назначаны асноўны дзень выбараў. Прамежкавыя вынікі падрыхтоўкі да іх у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА падвёў сакратар Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.

- Мікалай Іванавіч, колькі грамадзян могуць прыняць удзел у галасаванні на мясцовых выбарах і якую яўку вы чакаеце на датэрміновым галасаванні і непасрэдна ў дзень выбараў?


- Выбаршчыкаў у час гэтай кампаніі ў Беларусі амаль 7 млн, а калі дакладней 6 млн 977 тыс. 310 чалавек. Што датычыцца яўкі, то я ўзяў сабе за правіла прагнозаў не даваць. Гэта, хутчэй, задача палітолагаў, сацыёлагаў і астролагаў. ЦВК аперыруе фактамі, тымі лічбамі, якія будуць паказваць рэальную карціну наведвальнасці выбарчых участкаў у гэтыя дні.

- Як вы ацэньваеце той факт, што за мясцовымі выбарамі ў Беларусі выказалі жаданне назіраць акрэдытаваныя ў Беларусі замежныя дыпламаты?

- На мясцовыя выбарчыя кампаніі міжнародныя наглядальнікі звычайна не запрашаюцца. Але, відаць, у замежных дзяржаў ёсць інтарэс да нашых выбараў, таму адносна акрэдытаваных у Беларусі замежных дыпламатаў было зроблена выключэнне. Жадаючым вывучыць арганізацыю беларускага выбарчага працэсу ЦВК выдасць пасведчанні. Замежныя наглядальнікі змогуць прысутнічаць пры датэрміновым галасаванні, назіраць за выдачай бюлетэняў, ходам галасавання.

Цяпер наглядальнікамі за выбарамі ў мясцовыя Саветы і паўторнымі парламенцкімі выбарамі па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе нумар 36 акрэдытаваны 13 чалавек - прадстаўнікі дыпмісій Вялікабрытаніі, Расіі, ЗША.

- Чакаецца, што на мясцовых выбарах у Беларусі будзе больш як 9,6 тыс. нацыянальных наглядальнікаў. Як вы лічыце, наколькі дысцыплінуе іх уведзеная ў бягучым годзе акрэдытацыя і перспектыва пазбавіцца яе ў выпадку неналежных паводзін на выбарчым участку?

- Цэнтральная камісія ўдзячна добрасумленным наглядальнікам, якія дакладна выконваюць свае функцыі, не перавышаючы пры гэтым паўнамоцтваў. Іх прысутнасць на ўчастках дысцыплінуе членаў выбарчых камісій, дапамагае пазбегнуць памылак, недакладнасцей. Горш, калі наглядальнік прыходзіць з мэтавай устаноўкай - справакаваць інцыдэнт, скласці як мага больш актаў.

- Наколькі напружаная гэта выбарчая кампанія, калі меркаваць па колькасці скаргаў, што паступілі?

- Колькасць скаргаў у час любой выбарчай кампаніі традыцыйна павялічваецца. Але трэба адзначыць, што да работы выбарчых камісій па падрыхтоўцы да выбараў прэтэнзій няшмат. Асноўны паток скаргаў звязаны з сацыяльнымі, бытавымі праблемамі. З дапамогай ЦВК некаторыя грамадзяне спрабуюць нават судовыя рашэнні аспрэчыць.

Акрамя таго, у Цэнтральную камісію паступае шмат званкоў, грамадзяне просяць растлумачыць тыя ці іншыя палажэнні выбарчага заканадаўства. Цікава, што, атрымаўшы інфармацыйныя буклеты аб кандыдатах у дэпутаты, некаторыя выбаршчыкі пачалі званіць з пытаннямі: навошта зарэгістравалі кандыдатам беспрацоўнага або судзімага. Даводзіцца ім тлумачыць, што адсутнасць месца работы або пагашаная судзімасць не з'яўляюцца перашкодай для ўдзелу ў выбарчай кампаніі ў якасці прэтэндэнта на дэпутацкае крэсла. З іншага боку, пры наяўнасці ўсёй інфармацыі аб кандыдатах, выбаршчыкам будзе лягчэй зрабіць выбар.

- Мікалай Іванавіч, у Беларусі стартавала датэрміновае галасаванне. Самі вы скарыстаецеся такой магчымасцю?

- Так, я пайду галасаваць у чацвер, 20 сакавіка, на сталічным участку нумар 63. Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына па традыцыі будзе галасаваць у першы дзень датэрміновага галасавання, гэта значыць сёння. Яна прыйдзе аддаць свой голас на выбарчы ўчастак нумар 48 у Мінску.

Святлана САЎКО
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі