Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
05 жніўня 2015, 12:33

Крысціян Херпфер: Беларусы за 20 гадоў сталі больш аптымістычнымі і ўпэўненымі ў сваёй будучыні

Крысціян Херпфер, вядомы на Захадзе сацыёлаг, прафесар Абердынскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія), прэзідэнт Асацыяцыі даследавання сусветных каштоўнасцей WVSA (Аўстрыя), - адзін з нямногіх іншаземцаў, які можа аўтарытэтна заявіць, што ведае пра Беларусь і настроі яе жыхароў практычна ўсё.


За апошнія 20 гадоў беларускае грамадства, на думку эксперта, прайшло важны шлях эвалюцыйнага развіцця, дзякуючы якому задаволенасць жыццём у беларусаў аб'ектыўна вышэйшая, чым у суседзяў. У інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА, праведзеным у час чарговага візіту Крысціяна Херпфера ў Мінск, прафесар даў сваю ацэнку беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі развіцця і наглядна растлумачыў, чаму Беларусь змагла больш паспяхова, чым асобныя еўрапейскія краіны, процістаяць наступствам глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу.


- Спадар Херпфер, у вас за плячамі ўжо вялікі вопыт правядзення сацыяльных даследаванняў у нашай краіне. З чаго пачыналася ваша прафесійнае азнаямленне з Беларуссю?


- Я працую з акадэмічнымі даследчымі арганізацыямі ў Беларусі з 1994 года і за гэты час правёў ужо сем буйных даследаванняў у вашай краіне. Асноўная мэта маёй работы, якая ахоплівае ўвогуле дваццацігадовы перыяд, - гэта аналіз сацыяльных і эканамічных працэсаў, трансфармацый і пераўтварэнняў у Беларусі.


Акрамя таго, я вёў маніторынг на прадмет дынамікі і стабільнасці каштоўнасцей у беларускім грамадстве. Заўважу, што ў большасці праектаў, у якіх я задзейнічаны, прымаюць удзел каманды з Расіі, Украіны, Малдовы, Казахстана, іншых дзяржаў СНД. Таму ў мяне ёсць магчымасць супаставіць меркаванне насельніцтва Беларусі з пунктам гледжання жыхароў іншых краін.


- Гэта значыць вас можна без перабольшання назваць вельмі аўтарытэтным экспертам па частцы беларускай грамадскай думкі. Над чым вы працуеце цяпер?


- Наступнае даследаванне ў Беларусі плануецца правесці вясной, арыенціровачна ў красавіку-маі 2016 года. Мы пакуль не абазначаем яго тэму і мэты, але ў выпадку рэалізацыі наш новы праект будзе ўяўляць безумоўную цікавасць для многіх. Мой цяперашні візіт у Мінск прысвечаны якраз папярэдняй падрыхтоўцы і арганізацыі гэтай даследчай кампаніі, абмеркаванню ўсіх звязаных з ёю пытанняў.


У мяне была і іншая прычына для прыезду ў Беларусь. Як вядома, доктар сацыялагічных навук, прафесар Давід Ротман, які ўзначальвае Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, з'яўляецца членам Навуковага дарадчага камітэта асацыяцыі навукова-даследчай праграмы вывучэння сусветных каштоўнасцей. Паколькі гэта структура плануе правесці чарговую даследчую "хвалю", у якой будзе задзейнічаны не адзін дзясятак краін свету, мы сумесна з Давідам Ротманам цяпер займаемся распрацоўкай адпаведнага апытальніка.


- Спадар прафесар, якія, на ваш погляд, значныя змяненні адбыліся ў беларускім грамадстве за апошнія 20 гадоў?


- Як эксперт магу сказаць, што адно з найбольш яўных змяненняў заключаецца ў наступным: за гэты час у ацэнках і настроях насельніцтва Беларусі адбыўся важны зрух ад пачуцця няўпэўненасці ў заўтрашнім дні і немагчымасці запланаваць сваё будучае да адчування бяспекі, стабільнасці і ўпэўненасці за сваё жыццё і за сваю сям'ю.


Так, 20 гадоў таму з-за чакання шокавых пераўтварэнняў насельніцтва знаходзілася ў стане сапраўднага стрэсу, людзі былі разгубленыя, было вялікае беспрацоўе. Але мы бачым, што за апошнія два дзясяткі гадоў адбыліся прыкметныя пазітыўныя змяненні, у беларусаў з'явілася больш упэўненасці ў будучым. Гэта значыць у беларускім грамадстве настроі змяніліся ў лепшы бок.


Варта адзначыць, што ў шэрагу постсавецкіх краін працэс сацыяльна-палітычных трансфармацый быў спалучаны з разбурэннем ужо існуючых сацыяльна-палітычных інстытутаў, спробай стварэння на іх месцы чагосьці кардынальна новага. У той час як у Беларусі гэтыя сацыяльныя інстытуты не сталі разбураць, замест гэтага быў выбраны шлях трансфармацый і мадэрнізацыі. Гэта дало магчымасць забяспечыць стабільнае развіццё краіны і грамадства.


Вы ведаеце, што беларусы даюць сваёй сферы аховы здароўя больш высокую ацэнку, чым жыхары суседніх з Беларуссю краін сваёй нацыянальнай медыцыне? Беларусы лічаць вельмі важным і пазітыўным той факт, што ў краіне медыцынскія паслугі прадастаўляюцца на бясплатнай аснове, медыцына даступна ўсім слаям насельніцтва і пры гэтым узровень кваліфікацыі медыцынскага персаналу ў Беларусі сапраўды высокі.


Такім чынам, можна канстатаваць, што ўсе змяненні, якія мелі месца не толькі ў ахове здароўя, але і ў адукацыі, пенсійным забеспячэнні, сацыяльнай сферы ў цэлым былі нерадыкальнымі, і менавіта гэта дало магчымасць стабільна развівацца краіне і грамадству. І гэтым Беларусь пазітыўна адрозніваецца ад шэрага іншых краін постсавецкай прасторы.


Некаторыя рэспандэнты ў Беларусі адзначаюць у апошнія гады невялікі эканамічны спад, але трэба разумець, што гэта частка наступстваў сусветнага глабальнага крызісу, а не якая-небудзь праблема непасрэдна беларускай дзяржавы. Эканамічны крызіс ахапіў многія краіны Еўропы, пры гэтым найбольш моцна яго зведалі Грэцыя і Іспанія.


А вось Беларусь якраз ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу змагла больш эфектыўна кантраляваць унутраныя эканамічныя і сацыяльныя працэсы, змагла больш эфектыўна кіраваць сітуацыяй, чым іншыя дзяржавы.


Дадам яшчэ адзін момант: калі параўнаць ацэнкі насельніцтва па паказчыку задаволенасці жыццём у цэлым і асобнымі сферамі ў прыватнасці, то ў Беларусі яны значна вышэйшыя, чым у іншых краінах постсавецкай прасторы.


Ёсць невысокі працэнт беларусаў-рэспандэнтаў, якія незадаволены нейкімі момантамі ў развіцці краіны, але агульны настрой у Беларусі - эвалюцыйны. Гэта настрой на паступальнае развіццё.


- З вашых слоў вынікае, што беларуская сацыяльна-эканамічная мадэль развіцця даказала сваю паспяховасць...


- Безумоўна. Можна адназначна сказаць, што яна больш паспяховая, чым у сумежных дзяржавах. У першую чаргу, за кошт таго, што не было кардынальных узрушэнняў і разбурэнняў сацыяльных інстытутаў. Выбраны Беларуссю вектар развіцця быў накіраваны на адаптацыю да новых рэалій і працэсаў, гэта шлях эвалюцыі.


- Якія ў вас уражанні ад ходу бягучай выбарчай кампаніі ў Беларусі?


- Я заўважыў, што працэс ідзе спакойна. Мяне ўразіў той факт, што за пасаду Прэзідэнта Беларусі гатовы змагацца жанчыны. Гэта не радавая з'ява для гэтага рэгіёна. Удзел жанчын у выбарах - гэта, дарэчы, заўсёды паказчык павышэння адкрытасці грамадства, яго мадэрнізацыі. Я сказаў бы, гэта вельмі сучасна.


- Давайце вернемся да сацыяльных даследаванняў. Як вы лічыце, ці змянілася іх роля ў грамадстве ў ХХІ стагоддзі?


- Роля сацыяльных даследаванняў, безумоўна, узрасла. Многія арганізацыі і палітычныя структуры, розныя інстытуты ўсвядомілі каштоўнасць і важнасць такой інфармацыі. Дарэчы, ужо нават многія СМІ маюць уласныя аддзелы, якія займаюцца сацыялагічнымі даследаваннямі.


Сёння вынікі сацапытанняў шырока выкарыстоўваюцца практычна ва ўсіх сферах. Яны важныя як да прыняцця рашэнняў, каб зразумець сітуацыю і прааналізаваць меркаванне насельніцтва, так і пасля здзейсненых фактаў, каб ацаніць значнасць тых ці іншых крокаў для грамадства.


На сёння існуюць дэталёва прапісаныя працэдуры і практыкі, якія дакладна рэгламентуюць, як павінна быць арганізавана паўнацэннае сацыялагічнае даследаванне. Навуковы падыход у гэтай сферы даў магчымасць істотна павысіць рэзультатыўнасць і эфектыўнасць сацыяльнага маніторынгу.


Марта АСТРЭЙКА

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі