Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
02 снежня 2011, 17:16

АНЁЛЫ ДАБРА З БЕЛАРУСІ ПАКАРАЮЦЬ ЕЎРОПУ

Міжнародны дзіцячы конкурс "Еўрабачанне-2011" набліжаецца да завяршэння, хутка стане вядома імя пераможцы - лепшую дзіцячую кампазіцыю Еўропы вызначаць гледачы і журы 3 снежня. У ліку прэтэндэнтаў на перамогу - магіляўчанка Лідзія Заблоцкая. З лірычнай баладай "Анёлы дабра" 13-гадовая выканаўца выйграла нацыянальны адбор і цяпер прадстаўляе Беларусь у Ерэване. Яе вакал называюць самым моцным на конкурсе, а букмекеры і журналісты высока ацэньваюць шансы юнай зорачкі трапіць у тройку лідараў. Як ставіцца да такіх прагнозаў кіраўнік беларускай дэлегацыі на "Еўрабачанні" Людміла Барадзіна, як змяніўся нумар Ліды, - у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА.

- Людміла Апанасаўна, як прайшлі першыя рэпетыцыі, якія ў вас уражанні? Ці прывыкла Ліда да сцэны і залы?

- Ліда належыць да ліку тых дзяцей, якіх я называю дзецьмі сцэны. Яна, на мой погляд, не проста адчувае, а імгненна схватвае тое, што ад яе патрэбна. Пасля праведзеных рэпетыцый я пераконваюся: у гэтай дзяўчынцы ёсць непасрэднасць, шчырасць, якая прыцягвае. Яе палюбіла тэлекамера - на здымцы шмат буйных планаў. Вядома, дзеці, якія працуюць з ёю на сцэне (яны іграюць ролю ажываючых скульптур), таксама вельмі важныя - увасабляюць ідэю песні, але галоўны імпульс ідзе ад Ліды, і гэты імпульс настолькі моцны, наколькі ён можа быць моцным у дзіцяці. І зала гэта адчувае - у прадстаўніцы Беларусі з'явіліся фанаты.

- Ці ўнесены змяненні ў нумар?

- Невялікая карэкціроўка нумара адбылася. У прыватнасці, мы адмовіліся ад туману, паколькі гэта ўскладняла работу і не давала таго эфекту, на які разлічвалі. Рэпетыцыі - гэта магчымасць выявіць недахопы, выканаўцы павінны прывыкнуць да сцэны, а рэжысёрска-пастановачная група - знайсці варыянты, як паказаць канкурсантаў у лепшым святле. Яшчэ неабходна адпрацаваць некаторыя моманты, каб была зразумела драматургія (песня прадугледжвае даволі сур'ёзную драматургію, у ёй ёсць развіццё, пачатак, кульмінацыя і фінальная кропка). Гэта нам трэба паказаць.

- У чым галоўная ідэя песні? Што Ліда праз музыку пастараецца данесці да гледача?

- Галоўная ідэя заключаецца ў тым, што чалавечая дабрыня, пяшчота, добразычлівасць здольныя растапіць лёд, нежывое ажывіць. На мой погляд, гэта тэма вельмі актуальная. Размова ў песні ідзе не аб нябесных анёлах, а аб анёлах дабра - людзях, здольных рабіць дабро, якія сваёй дабрынёй, добрымі справамі здольныя зменшыць колькасць зла ў гэтым свеце.

- На што творчая каманда робіць акцэнт? Чым Ліда можа зачапіць еўрапейскага гледача? Ці так важна шоу на дзіцячым "Еўрабачанні" або на першым месцы вакал?

- Важны не толькі вакал. І мы робім стаўку не толькі на вакальныя даныя (а то Ліда выйшла б адна). Гэта шоу, і яно прадугледжвае ўсё ж такі пастаноўку сцэнічнага нумара. У гісторыі дзіцячага "Еўрабачання" былі выпадкі, калі абыходзіліся без шоу, і моцныя вакалісты займалі дастойныя месцы на спаборніцтве. Але калі ёсць магчымасць паставіць нумар, чаму не падкрэсліць ідэю, думку кампазіцыі?

- На ваш погляд, які складальнік поспеху на дзіцячым "Еўрабачанні"?

- Я лічу, што самае галоўнае ў конкурсе (што б ні рабілі часам пастаноўшчыкі нумара), каб дзіця ў песні раскрыла максімальна ўсе свае магчымасці, і вакальныя, і душэўныя. Тады будзе поспех.

- Раскажыце больш падрабязна аб падрыхтоўцы да цяперашняга конкурсу. Якія змяненні ў параўнанні з нацыянальным адборам унесены ў вобраз прадстаўніцы Беларусі?

- Змяненні вельмі сур'ёзныя. Пасля заканчэння нацыянальнага адбору гучалі не толькі словы захаплення ў адрас Ліды, але і сур'ёзныя нараканні адносна яе знешняга выгляду. Быў не той макіяж, няўдалае адзенне. Нельга з дзіцяці рабіць дарослага, нават калі яму гэтага хочацца. Таму мы ў гэтым выпадку змянілі ўсё - выбрана зусім іншая сукенка, якая адпавядае вобразу, іншы макіяж (мы паміж сабой называем яго "макіяж без макіяжу"). Прадуманы абутак, прычоска. Мне здаецца, калі тыя, хто быў незадаволены, як Ліда выглядала на сцэне на нацыянальным адборы, убачаць яе ў новым вобразе, то ім спадабаецца.

- Букмекеры і журналісты высока ацэньваюць шанцы беларускай удзельніцы на перамогу ў дзіцячым "Еўрабачанні". Якія вашы чаканні?

- Цяжка прадказаць, як адрэагуюць тэлегледачы, які будзе вынік галасавання. Нехта будзе з Лідай на адной хвалі, адчуе энергетыку песні, іншым, можа, захочацца драйву, дынамічных рытмаў. Загадваць наперад не будзем, але тое, як рэагуе зала, рэжысёрска-пастановачная група на выступленне нашай удзельніцы, радуе. А вынік? Мы гатовы да ўсяго. Вядома, спадзяёмся, што тэлегледачы і журы пачуюць і ацэняць па заслугах песню і вакал. Цяпер ад нас залежыць толькі адно: каб Ліда і дзеці, якія знаходзяцца з ёю на сцэне, выйшлі спакойнымі, падрыхтаванымі, упэўненымі ў сабе. Галоўнае выступіць так, каб калі Ліда вернецца на радзіму, ёй сказалі: "Ты малайчына, вельмі здорава праспявала!".

Надзея РАДЗІВОН, Ерэван
БЕЛТА.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі