У беларускім грамадстве да дэкрэта аб дармаедстве (такую назву атрымаў дэкрэт нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства") стаўленне неадназначнае: ёсць і яго праціўнікі - асабліва сярод патэнцыяльных плацельшчыкаў збору, і таксама абаронцы. Дыскусіі адносна дэкрэта не сціхаюць з моманту яго ўступлення ў сілу ў 2015 годзе. А апошнім часам яны ажывіліся ў сувязі са змяненнямі, што рыхтуюцца, у гэты дакумент, - прапановы па карэкціроўцы дэкрэта былі даложаны кіраўніку дзяржавы 6 снежня 2016 года. Большасць гэтых прапаноў адобрана і пакладзена ў аснову новага дэкрэта. Аб яго навацыях карэспандэнту БЕЛТА расказаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў.
- Валерый Валер'евіч, ці аналізаваўся зрэз меркаванняў дзяржаўных органаў і насельніцтва пры падрыхтоўцы новага дэкрэта?
- Безумоўна, з улікам высокай грамадскай значнасці дакумента была праведзена вялікая работа ў гэтым напрамку. Карэкціроўкі ў дэкрэт нумар 3 унесены па выніках маніторынгу зваротаў грамадзян, юрыдычных асоб у дзяржаўныя органы. Былі ўлічаны і практыка прымянення дэкрэта, і прапановы, што паступілі, у тым ліку ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Акрамя таго, унясенне змяненняў у дэкрэт абумоўлена прыняццем новых заканадаўчых актаў.
- Хацелася б пачаць з ініцыятывы парламентарыяў.
- Яна датычылася магчымасці вызваліць ад выплаты збору людзей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і па аб'ектыўных прычынах не могуць прымаць удзел у фінансаванні дзяржрасходаў. Сапраўды, бываюць у жыцці перыяды, калі чалавек мае патрэбу ў падтрымцы - рад бы працаваць і зарабляць, плаціць падаткі, ды не можа...
Цяпер мясцовым Саветам дэпутатаў або па іх даручэнні мясцовым выканаўчым і распарадчым органам дадзена права вызваляць ад выплаты збору ў сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй.
- Якія жыццёвыя сітуацыі будуць лічыцца цяжкімі? Зразумела, што ў кожнага свае крытэрыі. А як трактуе новы дэкрэт?
- У гэтым выпадку пад складанай жыццёвай сітуацыяй разумеюцца аб'ектыўныя абставіны, што не залежаць ад грамадзяніна, якія ён не можа пераадолець за кошт існуючых магчымасцей.
Хачу акцэнтаваць увагу на тым, што гэта падстава для прадастаўлення льготы па выплаце збору з'яўляецца дадатковай разам з нормай ч. 4 пункта 4 артыкула 43 Падатковага кодэкса, у адпаведнасці з якой мясцовыя Саветы дэпутатаў маюць права прадастаўляць ільготы па рэспубліканскіх падатках, зборах (пошлiнах), што поўнасцю выплачваюцца ў мясцовыя бюджэты, асобным плацельшчыкам - фізічным асобам, якія не з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, але тады пад увагу прымалася толькі іх маёмаснае становішча. Аднак пры прымяненні дэкрэта нумар 3 узнікалі сітуацыі, калі чалавека трэба вызваліць ад выплаты збору без уліку яго маёмаснага становішча. Гэта і прадугледжана новым дэкрэтам.
- І ўсё ж хто можа разлічваць на станоўчае рашэнне?
- Гаварыць аб канкрэтных рашэннях я не магу - гэта кампетэнцыя мясцовых Саветаў. Але магу прывесці прыклады складаных сітуацый. Напрыклад, у маці, якія выхоўваюць дзяцей старэйшых за 7 гадоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама дзяцей, якія навучаюцца дома. Або ў працаздольных дарослых, якія даглядаюць хворых пажылых бацькоў. Або ў мужа і жонкі ваеннаслужачых-кантрактнікаў, якія сумесна пражываюць у мясцовасцях, дзе няма магчымасці працаўладкавацца. Або ж у людзей з алкагольнай, наркатычнай і іншымі залежнасцямі, якія праходзяць рэабілітацыю ў розных арганізацыях (акцэнтую ўвагу менавіта на тым, што яны знаходзяцца на рэабілітацыі, а не каля магазіна).
Паўтару: разгляд кожнага канкрэтнага выпадку дасць магчымасць улічыць усё мноства ўзнікаючых жыццёвых сітуацый - і гэта будуць вырашаць мясцовыя органы.
- Якія яшчэ навацыі прадугледжаны дэкрэтам нумар 1?
- Гэта нормы, якія ўводзяць новыя перыяды ўдзелу грамадзян у фінансаванні дзяржаўных расходаў: калі грамадзянін знаходзіўся ў спісачным складзе нацыянальнай або зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па відах спорту; калі да грамадзяніна прымяняліся прадугледжаныя заканадаўчымі актамі меры па забеспячэнні бяспекі, што не дазвалялі яму ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў.
Унесены змяненні рэдакцыйнага характару ў норму аб вызваленні ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў грамадзян, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту і старэйшага.
Акрамя таго, у перыяды ўдзелу ў фінансаванні дзяржрасходаў дабаўлены перыяд праходжання альтэрнатыўнай службы (закон уступіў у сілу з 1 ліпеня 2016 года і адпаведна новая норма дзейнічае менавіта з гэтай даты).
- А ці ўводзяцца якія-небудзь дадатковыя ўмовы?
- Сапраўды, асобныя нормы дэкрэта дапоўнены.
У першую чаргу размова ідзе пра беспрацоўных. У адпаведнасці з новай рэдакцыяй закона "Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь" дапоўнены патрабаванні да перыяду, калі грамадзянін, зарэгістраваны ў якасці беспрацоўнага, прызнаецца ўдзельнікам фінансавання дзяржаўных расходаў. Растлумачу: маецца на ўвазе перыяд, калі беспрацоўны выконвае свае абавязкі, устаноўленыя заканадаўствам аб занятасці, - не адмаўляецца ад прапанаванай работы, звяртаецца да наймальнікаў ва ўстаноўлены тэрмін, удзельнічае ў аплатных грамадскіх работах, не прагульвае заняткі навучальных курсаў і інш. Невыкананне гэтых абавязкаў прыводзіць да зняцця статусу беспрацоўнага. І адпаведна экс-беспрацоўнаму давядзецца плаціць збор.
- А ў адносінах да сем'яў з дзецьмі?
- Узроставая планка захавана - як і раней, да дасягнення дзіцем 7 гадоў. Прычым выхаванне адным з бацькоў сына або дачкі будзе залічвацца ў перыяд, што вызваляе ад выплаты збору, калі дзіця ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў не атрымлівае дашкольную адукацыю, прадугледжаную Кодэксам аб адукацыі.
Некаторыя маці, адпраўляючы дзіця ў сад, самі сабе падаўжаюць дэкрэтны водпуск, не ўладкоўваючыся на работу. Такім чынам, не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржрасходаў, але (згодна з дэкрэтам нумар 3) адносіліся да катэгорый асоб, якія ўдзельнічаюць у такім фінансаванні...
- Як я разумею, база плацельшчыкаў збору будзе фарміравацца нанава?
- У сувязі з падпісаннем дэкрэта нумар 1 органы дзяржаўнага кіравання павінны прыняць дадатковыя меры па забеспячэнні фарміравання базы даных плацельшчыкаў збору за 2015 год. Улічваючы, што на гэта спатрэбіцца пэўны час, паведамленні на выплату збору за 2015 год будуць уручаць плацельшчыкам (іх прадстаўнікам) або накіроўваць па пошце ў тэрмiн не пазней за 20 студзеня 2017 года, а выплата збору на падставе такіх паведамленняў будзе праводзіцца не пазней за 20 лютага 2017 года.
Алена ПРУС