Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 снежня 2025, 12:25

Вытворчасцю камунальнай і сельгастэхнікі зоймецца новы рэзідэнт СЭЗ "Брэст"

Фота СЭЗ "Брэст"
Фота СЭЗ "Брэст"
5 снежня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У свабоднай эканамічнай зоне "Брэст" 5 снежня зарэгістравалі новага рэзідэнта, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў СЭЗ.

Спіс рэзідэнтаў папоўніла ТАА "ГлобалМаш Індустрыя". Кампанія возьмецца за рэалізацыю інвестыцыйнага праекта, які дасць магчымасць арганізаваць выпуск шматфункцыянальнага навяснога абсталявання для трактароў і спецыялізаванай тэхнікі, запатрабаванай у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, дарожных службах, лясным і аграрным сектарах. У прыватнасці, плануюць рабіць навясныя пагрузчыкі і экскаватары для трактароў, адвалы, падмятальныя шчоткі і касілкі для мульчыравання. Прадугледжана стварэнне больш як 20 рабочых месцаў.

Вытворчая пляцоўка размесціцца на тэрыторыі ўсходняга прамысловага вузла Брэста ў арандаваных памяшканнях на вуліцы Маскоўскай. Там маюць намер арганізаваць тэхналагічны цыкл вытворчасці - ад высокадакладнай апрацоўкі металу да фінальнай зборкі і афарбоўкі вырабаў, з інтэграцыяй гідраўлічных сістэм.

Чакаецца, што работы на аб'екце пачнуцца да канца бягучага года. Аб'ём выпуску тэхнікі пасля выхаду на праектную магутнасць складзе каля 1,1 тыс. адзінак да 2028 года, 95 працэнтаў прадукцыі плануецца накіроўваць на экспарт.

У свабоднай эканамічнай зоне "Брэст" гэтай восенню зарэгістравалі двух рэзідэнтаў. Адзін з іх зоймецца выпускам упаковачных скрынь для харчовых прадуктаў, у прыватнасці для грыбоў. У далейшым чакаецца пашырэнне наменклатуры за кошт вырабаў гаспадарча-бытавога прызначэння з пластмасы. Другі рэзідэнт плануе стварыць сортапракатную вытворчасць па выпуску арматуры і гарачакачанага вугалка. Прадукцыя арыентавана на імпартазамяшчэнне.

Рэзідэнты брэсцкай СЭЗ у студзені - кастрычніку бягучага года на 6,6 працэнта нарасцілі экспарт тавараў у параўнанні з аналагічным перыядам 2024-га. Пашырана геаграфія паставак да 56 замежных рынкаў. Асвоены новыя - Нарвегія і Тайланд. Адноўлены пастаўкі ў Бразілію. Прадпрыемствы нарасцілі экспарт у шэраг дзяржаў Блізкага Усходу, у тым ліку ў Турцыю, Саудаўскую Аравію, Катар.

Свабодная эканамічная зона "Брэст" аб'ядноўвае 77 рэзідэнтаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі