6 сакавіка, Мінск /Юлія Неманкова - БЕЛТА/. У Беларусі ў бягучым годзе плануецца прадаць 370 аб'ектаў дзяржаўнай нерухомай маёмасці за адну базавую велічыню. Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення распараджэння маёмасцю Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Ірына Далгова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У 2019 годзе было прададзена 555 аб'ектаў дзяржаўнай нерухомай маёмасці на суму большую за Br19 млн. З іх 70 працэнтаў - аб'екты, якія былі прададзены па кошце, зніжаным на 80 працэнтаў, а таксама за адну базавую велічыню (1 БВ - Br27). У планах на гэты год каля 370 аб'ектаў, якія прапануюцца ўжо за адну базавую", - сказала Ірына Далгова.
Яна растлумачыла, што згодна з указам нумар 169 "Аб распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю" пры продажы аб'екта за адну базавую дастаткова выканаць адну з умоў: весці прадпрымальніцкую дзейнасць, перавесці аб'ект у жылое памяшканне або яго знесці. "Аднак калі аб'екты будуць выстаўляцца на таргі, трэба дэталёва прапрацоўваць пытанне. Не ўсе аб'екты можна перавесці ў жылую маёмасць і не ва ўсіх можна ажыццяўляць усе віды вытворчай дзейнасці", - заўважыла Ірына Далгова.
Пры гэтым яна нагадала, што прадаваць нерухомую маёмасць на аўкцыёне за адну базавую велічыню дазваляецца без правядзення папярэдніх аўкцыёнаў на ўсёй тэрыторыі Беларусі (акрамя абласных цэнтраў і Мінска).
У ліку навацый указа Ірына Далгова адзначыла скарачэнне колькасці крокаў пры зніжэнні цаны продажу маёмасці. "Калі раней пры выстаўленні на таргі было абавязковым паэтапнае зніжэнне першапачатковага кошту (на 20-50-80 працэнтаў), то цяпер можна зніжаць цану адразу на 50 працэнтаў", - удакладніла яна. Гэта было зроблена для таго, каб не траціць час на правядзенне аўкцыёнаў і павялічыць аператыўнасць продажу дзяржаб'ектаў.
З'явілася таксама магчымасць павелічэння працягласці растэрміноўкі на куплю дзяржаўнай нерухомай маёмасці. "Раней мы прадавалі маёмасць з растэрміноўкай на адзін год, цяпер тэрмін павялічаны да трох гадоў. Сам пакупнік будзе вызначаць, які тэрмін ён хацеў бы атрымаць", - дадала прадстаўнік ведамства.-0-