Сцяг Серада, 10 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 снежня 2025, 12:58

У Брэсцкай вобласці з кампаніяй з КНР могуць наладзіць выпуск пад'ёмна-транспартнага абсталявання

Фота Брэсцкага аблвыканкама
Фота Брэсцкага аблвыканкама
10 снежня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Брэсцкая вобласць прапануе кітайскім партнёрам рэалізаваць праект па стварэнні вытворчасці пад'ёмна-транспартнага абсталявання. Такую ідэю агучыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык на сустрэчы з кіраўніцтвам кітайскай правінцыі Аньхой, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Брэсцкім аблвыканкаме.

Брэсцкая вобласць і правінцыя Аньхой з верасня 2017 года падтрымліваюць пабрацімскія адносіны. Першыя крокі былі зроблены ў сферы адукацыі. Так, у 2018 годзе ў Аньхойскім універсітэце адкрылі Цэнтр вывучэння Беларусі. Партнёрам выступіў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна. У гэтай ВНУ праз два гады стварылі інстытут Канфуцыя. Цяпер там кітайскую мову і культуру вывучаюць амаль 500 слухачоў у 35 вучэбных групах. Развіваюцца міжрэгіянальныя адносіны. У прыватнасці, пагадненні аб пабрацімскіх адносінах заключаны паміж Брэстам і Хэфэем, Бярозаўскім раёнам і горадам Бэнбу.

"Разумеючы велізарны ўзаемны патэнцыял, імкнёмся знайсці варыянты практычнага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферы. Кітай з'яўляецца адным з асноўных партнёраў Беларусі ў цэлым і Брэсцкай вобласці ў прыватнасці. Знешнегандлёвы абарот з нашым рэгіёнам у апошнія гады павялічаны кратна - у 2,6 раза. Рухаючыся ў напрамку ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, прадстаўнікі кітайскага бізнесу за апошнія гады інвесціравалі ў эканоміку вобласці больш за $200 млн", - адзначыў Пётр Пархомчык.

Ён звярнуў увагу, што буйныя праекты ў Брэсцкай вобласці рэалізуюцца менавіта з прадстаўнікамі дзелавых колаў з правінцыі Аньхой. Сярод прыкладаў - запуск вытворчасці па выпуску бытавой тэхнікі. У час цяперашняга візіту дасягнуты дамоўленасці аб кратным павелічэнні аб'ёмаў вытворчасці ў 2026 годзе. У ААТ "Брэстмаш" сумесна з кампаніяй JAC MOTORS займаюцца зборкай малатанажных грузавых аўтамабіляў. У Брэсцкай вобласці ёсць зацікаўленасць у партнёрстве з яшчэ адной кампаніяй правінцыі Аньхой.

"Хочам прапанаваць праект па стварэнні на тэрыторыі Брэсцкай вобласці вытворчасці пад'ёмна-транспартнага абсталявання. Гатовы абмеркаваць розныя варыянты: ад стварэння сумеснага прадпрыемства да будаўніцтва ўласнай кампаніі з поўным спектрам паслуг", - сказаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама.

Паводле слоў Пятра Пархомчыка, беларускі і кітайскі рэгіёны маюць вялікі турыстычны патэнцыял, які можна больш актыўна выкарыстоўваць. Кіраўнік Брэсцкай вобласці прапанаваў разгледзець магчымасць рэалізаваць сумесны пілотны праект па арганізацыі прамога авіярэйса Брэст - Хэфэй.

Па выніках візіту ў Кітай у Брэсцкай вобласці сфарміруюць праект рабочага плана па развіцці супрацоўніцтва з правінцыяй Аньхой на 2026-2027 гады. У яго ўключаць пазіцыі гуманітарнага і сацыяльна-культурнага напрамкаў, прапановы ў сферы эканомікі і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. "Мы шчыра зацікаўлены ў далейшым пашырэнні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з правінцыяй Аньхой, паглыбленні міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння і сацыяльна-культурных сувязей з нашымі пабрацімамі", - рэзюмаваў старшыня Брэсцкага аблвыканкама.

Дэлегацыя Брэсцкай вобласці з 6 па 11 снежня знаходзіцца з візітам у Кітаі. Праграма ўключае сустрэчы, перагаворы, падпісанне кантрактаў і пагадненняў, наведванне вядучых прадпрыемстваў. Спачатку прадстаўнікі Брэстчыны працавалі ў Шанхаі, затым - у горадзе Хэфэй.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі