26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі часова абмежавалі нагрузкі на восі транспартных сродкаў, самаходных машын. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства транспарту і камунікацый ад 16 чэрвеня 2020 года нумар 34, якая сёння афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
З 1 ліпеня па 20 верасня максімальна дапушчальная нагрузка на адзіночную вось транспартных сродкаў, самаходных машын пры руху па рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах агульнага карыстання з асфальтабетонным пакрыццём з 11.00 да 20.00 уключна пры дзённай тэмпературы паветра вышэйшай за 25 градусаў не павінна перавышаць 6 т.
Гэтыя абмежаванні не будуць распаўсюджвацца на транспартныя сродкі і самаходныя машыны пры праездзе па пэўных рэспубліканскіх аўтадарогах або іх участках. Азнаёміцца з пералікам гэтых трас можна ў тэксце пастановы.
Таксама абмежаванні не дзейнічаюць на транспарт, які перавозіць пасажыраў, жывых жывёл, кветкі, грузы гуманітарнай дапамогі, бітумы дарожныя, бетонныя і асфальтабетонныя сумесі, небяспечныя грузы, зерне, камбікорм, насенне рапсу, насенны фонд, малако і малочныя прадукты, а таксама грузы, што перамяшчаюцца ў спецыялізаваных грузавых аўто з ізатэрмічным кузавам і патрабуюць для захаванасці спецыяльнага тэмпературнага і санітарна-гігіенічнага рэжымаў. Перамяшчацца па дарогах без абмежаванняў змогуць аўтамабілі, якія перавозяць адходы жывёльнага паходжання для іх утылізацыі і (або) перапрацоўкі, транспарт, што выкарыстоўваецца для ўзвядзення, рэканструкцыі, эксплуатацыі (утрымання і бягучага рамонту), капітальнага рамонту аўтамабільных дарог агульнага карыстання, і аўтатранспарт, які ажыццяўляе перавозкі, звязаныя з ліквідацыяй надзвычайных сітуацый і наступстваў дарожна-транспартных здарэнняў. Акрамя таго, абмежаванні не распаўсюджваюцца на транспартныя сродкі, якія перевозяць сушонку тарфяную, а таксама на колавыя трактары, што выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы.
Пастанова ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.-0-