Фота з архіва
23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фермерам у Беларусі прапануюць крэдыты на камфортных умовах. Гэта перш за ўсё арыентавана на падтрымку тых гаспадарак, дзе з-за ўмоў надвор'я ў бягучым годзе быў неўраджай. Аб гэтым па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі заявіў журналістам прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэм'ер-міністр, гаворачы пра формулу справядлівага цэнаўтварэння, у якасці прыкладу згадаў пра неўраджай яблыкаў, што было абумоўлена неспрыяльнымі ўмовамі надвор'я. Напрыклад, у адной з фермерскіх гаспадарак у Маладзечанскім раёне, дзе Аляксандр Турчын нядаўна пабываў, ураджай яблыкаў складзе толькі дзясятую частку ад мінулагодняга.
"Але ёсць затраты, пастаянныя выдаткі. Сад нельга не апрацоўваць, не даглядаць яго. Гэта значыць, ты затраты нясеш такія ж, што і ў мінулым годзе, але размяркоўваеш іх не на 3 тыс. т, а на 300 т, - прывёў прыклад кіраўнік урада. - Таму сабекошт яблыкаў, відавочна, не можа быць такі, як у мінулым годзе. Фермер працаваў, і ён павінен гэты яблык укласці хаця б сабе не ва ўрон, не зарабляючы шалёнага прыбытку".
"Мы разумеем, што ў цэлым у краіне прыкладна 40 працэнтаў ад узроўню мінулага года аб'ём вытворчасці яблыкаў. Урад прыняў усе рашэнні. У тым ліку мы цяпер запускаем для фермераў прадукт банкаўскі. Для таго каб тыя, у каго складаная сітуацыя са сваім бізнесам, маглі да наступнага года ўзяць на камфортных умовах крэдытныя рэсурсы, каб яны маглі дацягнуць да наступнага ўраджаю", - заявіў прэм'ер-міністр.-0-
