Сцяг Панядзелак, 8 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 ліпеня 2025, 17:14

Мінсельгасхарч: ва ўборцы збожжа будуць задзейнічаны больш за 7 тыс. камбайнаў

Фота з архіва
Фота з архіва
23 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У жніве 2025 года будуць задзейнічаны больш за 7 тыс. збожжаўборачных камбайнаў. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі па тэме ўборачнай кампаніі 2025 года начальнік галоўнага ўпраўлення тэхнічнага прагрэсу і энергетыкі, дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам машын і абсталявання (Галоўдзяржтэхнагляд) Станіслаў Карповіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гатоўнасць машына-трактарнага парка па збожжаўборачных камбайнах па рэспубліцы складае 98 працэнтаў, па зернеачышчальна-сушыльных комплексах - 98 працэнтаў. У цэлым ва ўборачнай кампаніі будуць задзейнічаны больш за 7 тыс. збожжаўборачных камбайнаў і 4 тыс. прыставак для ўборкі рапсу, а таксама 1,8 тыс. зернеачышчальна-сушыльных комплексаў. У цэлым у АПК ва ўборачную кампанію будуць працаваць 120 тыс. адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі рознага прызначэння", - расказаў Станіслаў Карповіч.

Камбайны аснашчаны сцеблапад'ёмнікамі, якія даюць магчымасць убіраць палеглае збожжа. На складах і базах забеспячэння створаны дастатковы запас запчастак для таго, каб ліквідаваць паломкі тэхнікі ў самыя кароткія тэрміны.

У рэгіёнах і Мінсельгасхарчы створаны рабочыя групы па кантролі за ходам уборачнай кампаніі. Асаблівая ўвага - якасці ўборкі.

Гаворачы аб камплектаванні кадрамі, Станіслаў Карповіч паведаміў, што дадаткова патрабуецца 2,8 тыс. чалавек. "Усе механізатары, якія неабходны, прыбылі. Практычна ўсе экіпажы збожжаўборачных камбайнаў укамплектаваны на 100 працэнтаў", - сказаў ён, дадаўшы, што ў тым ліку прыцягваецца моладзь. На перавозцы збожжа будзе задзейнічаны транспарт прамысловых прадпрыемстваў іншых галін народнай гаспадаркі і Міністэрства абароны.

Што датычыцца зернеачышчальна-сушыльных комплексаў, то іх магутнасці дазваляюць перапрацоўваць увесь дзённы намалот. Адначасова будуць прыцягвацца дадаткова сілы і сродкі хлебапрыёмных прадпрыемстваў для таго, каб своечасова і якасна падрыхтаваць збожжа для захоўвання.

Для бяспекі работ усе экіпажы абсталяваны сродкамі пажаратушэння, першаснага аказання медыцынскай дапамогі. Таксама за кожным звяном замацавана машына прыкрыцця на выпадак надзвычайнай сітуацыі. Усяго будзе прыцягнута 3,2 тыс. адзінак пажарнай тэхнікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі