14 кастрычніка, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі будзе надзелена паўнамоцтвамі па дзяржаўным рэгуляванні сферы лічбавізацыі. Такое рашэнне прынята сёння па выніку даклада кіраўніку дзяржавы па асобных пытаннях развіцця краіны ў лічбавай сферы, паведаміў журналістам першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пытанне аб неабходнасці стварэння дзяржрэгулятара ў сферы лічбавага развіцця краіны ўжо абмяркоўвалася раней на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. У прыватнасці, у час наведвання Прэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій у красавіку гэтага года прадстаўнікі ІТ-сектара ініцыявалі стварэнне ў Беларусі міністэрства лічбавай эканомікі. Гэта ідэя па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі была дасканала прааналізавана.
"Прынята рашэнне рабіць гэта на базе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, перагледзеўшы пэўны функцыянал, змяніўшы назву міністэрства", - сказаў Аляксандр Турчын. У бліжэйшы час урад унясе на разгляд кіраўніка дзяржавы праекты адпаведных рашэнняў.
Пастаўлена задача ўраду і міністру вывесці работу Міністэрства сувязі і інфарматызацыі на якасна больш высокі ўзровень, каб яно ў цесным супрацоўніцтве працавала з прадстаўнікамі ІТ-сектара, займалася развіццём лічбавізацыі.-0-